Сяргей Пальчэўскі прызнаўся ў супрацы з КДБ



Актывіст „Маладога фронту” (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) Сяргей Пальчэўскі паведаміў, што вымушаны быў падпісаць паперу аб супрацоўніцтве з КДБ. Заяву Пальчэўскага апублікаваў на старонцы „Маладога фронту” ў „Фэйсбуку” адзін з лідараў арганізацыі Зміцер Дашкевіч.

„Сябры, хачу перад вамі спавядацца. І судзіце мяне так, як хто палічыць патрэбным. Сёння я прызнаюся ў тым, што падпісаў супрацоўніцтва з КДБ”, — гаворыцца ў заяве. Пальчэўскі паведамляе, што на першым жа допыце ў цэнтральным апараце КДБ ён размаўляў без адваката з двума супрацоўнікамі камітэта. „Яны адразу пачалі патрабаваць, каб я расказаў ім нешта па „справе патрыётаў”. Я адмовіўся. Тады мяне пачалі шантажаваць. Мне была выказаная пагроза крымінальнага пераследу і дадатковага тэрміну за ДТЗ з маім удзелам. Справа ў тым, што ў лютым гэтага года я, рухаючыся за рулём, збіў на пешаходным пераходзе жанчыну. Дзякуй Богу, ДТЗ абышлося без пераломаў, але пашкоджанні здароўю кваліфікаваныя як менш цяжкія, і за гэта, пры жаданні пацярпелай, можа быць распачатая крымінальная справа”, — піша актывіст.

Пальчэўскі таксама паведамляе, што з боку супрацоўнікаў КДБ была „абвешчаная пагроза публікацыі нейкіх інтымных падрабязнасцяў” аб яго асабістым жыцці. „Шчыра сказаць, я і не вельмі зразумеў, пра што ідзе гаворка. Цяпер успамінаю, што за некалькі дзён да арышту мне стукаліся ў сетцы „УКантакце” невядомыя людзі і казалі, што ведаюць пра тое, што я гей, і прапаноўвалі мне адкрыцца ў „нязмушаных зносінах”. Гэтых людзей я заблакаваў, але калі вычварэнцам з КДБ цікава, сёння я прызнаюся: я не гей”, — напісаў ён.

„Нягледзячы на шантаж і тое, што я не вёў ніякай злачыннай дзейнасці, не ведаю ніякіх сакрэтаў, я вырашыў даваць паказанні. Пасля таго як мы пагаварылі прыватна, гэбэшнікі загадалі паўтарыць усё гэта пры адвакаце і далі мне на подпіс падпіску аб супрацоўніцтве. Пад псеўданімам Артур я падпісаў супрацоўніцтва з КДБ, разважаючы аб тым, што пасля вызвалення прызнаюся пра гэта маім сябрам. І сёння я раскайваюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за зробленае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права”, — паведаміў Пальчэўскі.

Тэлефон Пальчэўскага зараз адключаны. Не здалося пакуль звязацца і з Дашкевічам.

Сапраўднасць заявы Пальчэўскага БелаПАН пацвердзіла жонка Дашкевіча Анастасія. „Ён цяпер не на сувязі і на сувязі пакуль не будзе. Ён нікуды не паехаў, але пакуль будзе ўстрымлівацца ад каментароў. Ён дастаткова моцна перажывае тое, што адбываецца, таму перадаў гэтую заяву”, — сказала яна.

Сяргей Пальчэўскі з’яўляецца фігурантам рэзананснай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Ён, як і іншыя маладафронтаўцы, быў затрыманы ў цэнтры Мінска 22 сакавіка. 15 красавіка яго адпусцілі са следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе.

Пасля затрымання Пальчэўскі ўрымліваўся ў СІЗА № 1 на Валадарскага, але за суткі перад вызваленнем яго перавялі ў СІЗА КДБ.

Выйшаўшы з СІЗА, Пальчэўскі паведаміў, што абвінавачваецца на падставе арт. 293, ч. 3 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках). Паводле слоў актывіста, абвінавачанне яму было выстаўленае праз 10 дзён пасля затрымання. На пытанне, якім было стаўленне да яго з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў, Пальчэўскі тады адказаў: „Я ўпершыню ў СІЗА трапіў, параўноўваць стаўленне не магу. Але быццам нармальна, не білі”.

belapan.by