Сяргей Пятрухін: Начальнік заўсёды „мае рацыю”



Берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін, Дзмітрый Гарбуноў і даярка сельгаспрадпрыемства “Гарадзец-Агра” Вольга Сышчаніца судом Кобрыньскага раёна пакараны штрафамі за несапраўдныя звесткі ў адносінах да цяпер ужо былога начальніка малочна-таварнага комплексу  Віктара Ліштвана. Блогеры павінны выплаціць Ліштвану звыш 800 рублёў, а даярка звыш 200.

Сяргей Пятрухін лічыць рашэнне суда неправавым. Суддзя Ала Богнат паверыла словам Ліштвана і не паверыла словам даяркі, блогеры на судзе не былі. Чамусьці ісцец нічога не павінен быў даказваць, а абвінавачаныя павінны, кажа Сяргей Пятрухін:

– Усе словы, якія казала Вольга Сышчаніца, яна мусіць даказваць. Ліштван – не, а яна павінна была. Гэта гаворыць пра нашу прававую сістэму. Начальнік, што б ён не казаў, мае рацыю. А падначаленыя мусяць усё даказваць. Увогуле, не даказана, што мы не маем рацыю. То бок, нашыя словы не абвергнутыя.

Паводле Пятрухіна, па загаду Ліштвана цялятам спойвалі малако-экстра. Неслі страты само прадпрыемства і даяркі, якім за самае лепшае малако за гэты час не плацілі. Сышчаніца біла ў званы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. На яе завялі крымінальную справу. Яна звярнулася да блогераў, каб агучыць праблему. У выніку  Лішван быў пераведзены на іншую ферму з паніжэннем у пасадзе. Даяркам за споенае малако выплацілі грошы. На што суд не звярнуў увагі наогул.

Беларускае Радыё Рацыя