Сяргей Серабро: Мы сталі маленькім інфармацыйным агенцтвам Віцебска



13 гадоў таму Сяргей Серабро марыў пра стварэнне віцебскай незалежнай газеты. Але мясцовыя ўлады нізавошта не хацелі рэгістраваць друкаванае выданне. Найлепшай ідэяй было скарыстацца гэтай сітуацыяй: – заснаваць рэсурс, які набярэ папулярнасць у чытачоў дзякуючы пашырэнню інтэрнэту ў Беларусі. Так з’явіўся сайт “Народныя Навіны Віцебску”, і ён дагэтуль кампенсуе адсутнасць незалежнага друку ў рэгіёне.

Гутарку пра тое, як “Народныя Навіны Віцебску” сталелі, нягледзячы на перашкоды з боку беларускіх уладаў, вядзе Ганна Ліпка.

Кажа Сяргей Серабро:

– Калі глядзець з 2006 году, то напэўна мы засталіся самым старым сайтам з тых, хто тады існаваў. Сайт з’явіўся не адразу. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года мы спрабавалі зарэгістраваць незалежнае выданне – газету. З’явілася газета «Віцебская трыбуна». Па статусу яна была абласной. На жаль, яна выходзіла вельмі нядоўга. Неўзабаве стала зразумела, што папяровае выданне рабіць патрабуе вялікіх намаганняў, гэта трэба купляць паперу, плаціць за друк, потым ёсць нейкія праблемы з распаўсюдам. А Інтэрнэт у Беларусі імкліва-імкліва прыходзіў у кожную хату. Адпаведна ў людзей з’явілася магчымасць чытаць навіны ў Інтэрнэце. І мы зрабілі тады гэты сайт, такое вось анлайн-выданне. Першапачаткова планавалася, што гэта будзе такі гібрыд прафесійнай і грамадзянскай журналістыкі. Будзе нейкі касцяк прафесійных журналістаў, якія будуць ствараць кантэнт, каб ён заўсёды там быў. І чытачы, каму цікава, у каго ёсць нейкія праблемы, яны будуць пісаць свае артыкулы, а мы іх будзем публікаваць, дапамагаць людзям вырашаць праблемы. Мы нават праводзілі конкурсы для грамадзянскіх журналістаў, каб іх заахвоціць да такога супрацоўніцтва. Аднак не шмат удзельнікаў было ў гэтых конкурсах. Чытачы вельмі ахвотна звяртаюцца, падказваюць нейкія тэмы, дасылаюць фотаздымкі. Але каб самім зрабіць матэрыял, то для іх гэта вельмі складана. У цяперашніх умовах тыя, хто сам можа пісаць, ствараць нейкі кантэнт, яны сталі блогерамі і ім не патрэбна нейкае, у класічным разуменні, СМІ. Сацыяльныя сеткі, блогі, ютуб, відэа-блогі. Вельмі шмат магчымасцяў. Гэта не так ужо і дрэнна. То бок, калі, напрыклад, зараз па нейкай прычыне заблакуюць «Народныя навіны», забяруць мяне ў турму, то ў людзей усё адно застануцца сродкі інфармавання. І адразу, як пачыналіся «Народныя навіны», акцэнт быў зроблены на навіны. І ў назве так адлюстравалася. Атрымалася маленькае інфармацыйнае агенцтва Віцебска.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Baj.by