Сяргей Скулавец: Ёсць вялізны попыт на альтэрнатыўную інфармацыю



Забарона на падпіску на тэлеграм-каналы і пазбаўленне доступу да незалежных медыя не пазбавяць жыхароў Берасцейскай вобласці, як і краіны ў цэлым, альтэрнатыўнай інфармацыі. У гэтым перакананы наш сённяшні „Госць Рацыі”, эксперт у галіне медыя Сяргей Скулавец.

У гутарцы з Алісай Поль ён акрэсліў, як зараз выглядае сітуацыя ў інфармацыйнай прасторы рэгіёна.

РР: Як бы маглі ахарактэрызаваць сітуацыю з медыя? Магчыма яна мяняецца ў нейкі бок.

Сяргей Скулавец: Агулам тэндэнцыя, якую мы назіраем са жніўня, калі пачаўся вельмі моцны наступ на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, працягваецца. Можна сказаць, што аблога з усіх бакоў. Мы бачым, што большасць рэдакцыяў ужо з’ехалі з Беларусі. На сённяшні дзень журналістам працаваць у Беларусі – гэта значыць быць пераследаванымі, гэта значыць, што ў любы момант да цябе могут прыйсці. Гэта не залежыць ад таго, які статус у сродкаў масавай інфармацыі – ці гэта афіцыйна зарэгістраваны сродак масавай інфармацыі ў Беларусі, ці ён не мае акрэдытацыі. Гэта цяпер ужо не мае значэння. Напрыклад, мы можам паглядзець на найбольш гучны пераслед журналісцкіх супольнасцяў, цэлых рэдакцыяў – гэта «Ганцавіцкі час». Апошняя газета, якая існавала на Берасцейшчыне ў друкаваным выглядзе. Забралі тэхніку, забралі тэлефоны, забралі службовую ўсю тэхніку, якая была ў рэдакцыі. Што стала падставай для такога ператрусу, для таго нападу, мы можам толькі здагадвацца, таму што інфармацыі на гэты конт абсалютна ніякай няма. Працягваецца пераслед журналісцкіх супольнасцяў і пачынаецца наступ на тэлеграм-каналы. Бачым апошняе паведамленне, якое было вельмі гучнае з боку ГУБОПіКа, пра тое, што ўдзел у тэлеграм-каналах, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, з’яўляецца крымінальным злачынствам і за гэта пагражае нават да сямі гадоў турмы. Безумоўна падставаў для такіх захадаў з боку заканадаўства няма, але тым не менш гэтыя словы паўтарыла Лілія Ананіч, былая кіраўніца міністэрства інфармацыі, якая цяпер з’яўляецца чальцом у камісіі па экстрэмізму, яна адзначыла, што сапраўды гэта так, таму што прыйшоў іншы час і няма патрэбы займацца абы чым, трэба займацца нейкімі канструктыўнымі справамі. Таму агульны трэнд на тое, каб людзей нейкім чынам адбіць ад незалежных сродкаў масавай інфармацыі, каб зменшыць уплыў сродкаў масавай інфармацыі. І гэты працэс, відавочна, працягнецца ў бліжэйшай перспектыве.

РР: Ці заўважны сёння працэс прымусовай адпіскі ад тэлеграм-каналаў? Якія меркаванні, магчыма, вы чуеце? Ці сапраўды людзі адпісваюцца?

Сяргей Скулавец: Сапраўды мы бачым, што адток з тэлеграм-каналаў назіраецца, сапраўды, вельмі вялікі адток. Людзі напалохаліся, і гэтая мэта, якую ставілі перад сабой сілавікі, знізіць колькасць падпішчыкаў, яны ў пэўнай ступені яе дасягнулі. Але гэта не значыць, што людзі цалкам адмовіліся ад таго, каб сачыць за інфармацыяй у тэлеграм-каналах. Не. Гэта не адбылося. Безумоўна, што псіхалагічна цяжка, калі ты лічыш, што цябе могуць затрымаць, арыштаваць у любы момант, безумоўна людзі сыходзяць з тэлеграм-каналаў. Але тэлеграм-каналы – гэта не адзіная крыніца інфармацыі. Тым больш, што большасць іх на сённяшні дзень працуюць такім чынам: невелічкая інфармацыя, што адбылося, і потым спасылка на сайт сродка масавай інфармацыі. Так працуе большасць. Мы бачым, што ў любым выпадку колькасць наведванняў на сайты істотна не знізілася. Людзі карыстаюцца VPN. Рэсурс «Матолька хэлп», які прызнаны экстрэмісцкім, зладзіў пытанне: ці карыстаецеся вы VPN штодня, ці толькі ўключаеце пры патрэбе? То значная частка людзей увесь час з уключаным VPN. А большасць карыстаецца пры неабходнасці. Гэта значыць, калі зацікавіла нейкая інфармацыя, трэба пачытаць гэтую інфармацыю, чалавек уключае VPN і заходзіць на сайт, заблакаваны міністэрствам інфармацыі.

Цалкам размова:

Сяргей Скулавец дадаў, што зараз ёсць вялізны попыт на альтэрнатыўную інфармацыю. Таму заўсёды знойдуцца спосабы, якім чынам яе атрымаць.

Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя