Сяргея Пятрухіна зноў затрымалі (абноўлена)



У Берасці 13 лістапада затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС мясцовы блогер Сяргей Пятрухін, паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

„Пятрухіна затрымалі каля 12.30 у апорным пункце міліцыі на вуліцы Бярозаўскай і даставілі ў Ленінскі РАУС. Там склалі пратакол па арт. 24.6 КоАП за тое, што ён у нядзелю, 4 лістапада, не з’явіўся ў райаддзел па позве. Пасля гэтага Пятрухіна да суда змясцілі ў ІЧУ. Наколькі мне вядома, 4 лістапада Пятрухін тэлефанаваў у РАУС і сказаў, што не можа туды прыйсці, бо павінен быць са сваім дзіцем”, — адзначыў праваабаронца.

Ён падкрэсліў, што гэта не першы выпадак, калі ў Ленінскі РАУС па нядзелях к 12.00 выклікаюць удзельнікаў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода.

Менавіта ў гэты час на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца праціўнікі будаўніцтва прадпрыемства.

13 лістапада блогеры Пятрухін і Аляксандр Кабанаў прыйшлі ў апорны пункт міліцыі, дзе хацелі запісаць інтэрв’ю з участковым інспектарам. Той адмовіўся даць інтэрв’ю, а калі блогеры выходзілі з яго кабінета, сказаў, што Пятрухін затрыманы.

Раней Пятрухіна і Кабанава, якія на інтэрнэт-рэсурсе Youtube у сваім праекце „Народны рэпарцёр” асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку па артыкуле 23.34 КоАП.

***

У Берасці затрымалі мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна.

Гэта адбылося ў апорным пункце міліцыі на вуліцы Бярозаўскай, паведаміў іншы блогер Аляксандр Кабанаў. У апорным пукце яны хацелі запісаць інтэрв’ю з участковым інспектарам. Той адмовіўся даць інтэрв’ю, а калі блогеры выходзілі з кабінета, сказаў, што Пятрухін затрыманы. Кабанаву не ўдалося даведацца прычыну затрымання Пятрухіна. Яго выпіхнулі з апорнага пункта. Пятрухін паспеў толькі перадаць свой мабільны тэлефон. Паводле Кабанава, пасля гэтага ён спрабаваў патэлефанаваць у гэты апорны пункт міліцыі, але ніхто не здымаў.

Раней Пятрухіна і Кабанава, якія асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Акцыі пратэсту супраць АКБ праходзяць у цэнтры Берасця штонядзелю, пачынаючы з 25 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя