Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў Гомель



Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Страна для жизни». Там пройдзе суд над ім, а таксама Статкевічам, Лосікам, Цыгановічам, Сакавым і Паповым. Дата суду яшчэ невядомая.

Раней у Гомель этапавалі Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

4 траўня стала вядома, што справу палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Сярод абвінавачаных – блогер Сяргей Ціханоўскі, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Ігар Лосік і Уладзімір Цыгновіч (MozgON), а таксама аператар Ціханоўскага Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзмітры Папоў.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць: – арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу); – распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); – пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК); – арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Паводле абвінавачання, у Ціханоўскага дома знайшлі больш за 900 тысяч даляраў і пнеўматычную зброю.

«Падчас ператрусу ў садовым доміку ў Гомельскім раёне, які Ціханоўскі выкарыстаў для працы і жыхарства, знайшлі і канфіскавалі 900 300 даляраў ЗША, пнеўматычны пісталет і пнеўматычны аўтамат. Характар упакоўкі значнай часткі грошай, серыйны нумар банкнот у пачках паказвалі на іх аднамомантавае атрыманне ў банкаўскіх або якіх-небудзь іншых фінансавых арганізацыях», – заяўляла Генпракуратура.

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў: – распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК); – арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Астатнім фігурантам справы – да 15 гадоў зняволення.

svabod1.azureedge.net