Сярод загінулых у Манчэстэры ёсць палякі



Сярод ахвяраў тэракту ў Манчэстэры ёсць прынамсі двое грамадзян Польшчы, адзін паляк – паранены. Пра гэта сёння паведаміла польскае Міністэрства замежных спраў. Вядома, што загінулі бацькі дзяцей, якія былі на канцэрце на Манчэстэр-арэне. Самі дзеці – жывыя, яны знаходзяцца пад апекай сацыяльных службаў. 

Журналіст польскага тэлеканала TVN24 паведамляе, што двое забітых палякаў, гэта тая пара, якую з учорашняга дня шукала іхняя дачка Алекс.

«Кожнаму, хто знаходзіцца ў бяспечным месцы ці шпіталі ў Манчэстэры: калі вы сустрэнеце маіх бацькоў, прашу, паведамце мне, бо мы не бачылі іх з моманту нападу» — напісала ўночы з панядзелка на аўторак дзяўчына, прыклаўшы фота пары, якое было зроблена ўвечары перад канцэртам, пасля якога здарыўся тэракт.  

Усяго падчас тэракту загінулі 22 чалавекі, 59 былі параненыя.