Сяржук Русецкі: Грамадскую актыўнасць у рэгіёнах згасілі судовымі пераследамі



Усе 26 гадоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі трымаўся на парушэнні правоў чалавека. А ў сёлетні паслявыбарчы перыяд – гэта набыло проста страшныя памеры. Калі шэраговы беларус абсалютна безабаронны перад створанай сістэмай нелегітымнага дыктатара. Пра парушэнні правоў чалавека ў апошнія два месяцы мы пагаварылі з госцем Радыё Рацыя Сержуком Русецкім.

РР: Што вы можаце сказаць пра парушэнні правоў чалавека ў Бярозаўскім раёне ў паслявыбарчы перыяд?

Сяржук Русецкі: Усе памятаюць першыя дні, калі людзей хапалі, родныя не маглі даведацца, дзе яны знаходзяцца. Спачатку людзям не адказвалі, ці затрыманыя іх сваякі, ці не, дзе знаходзяцца, у Бярозе, ці іх завезлі ў нейкі іншы горад. Пра перадачы гаворкі не ішло. Потым, праз некалькі дзён, сітуацыя трошкі змянілася. Пачалі даваць інфармацыю. Потым пачалі прымаць перадачы. Суды праходзілі ў самім РАУСе. Спачатку ў Бярозу прывозілі затрыманых з Берасця. Потым ужо бярозаўскіх адвозілі ў Івацэвічы, Баранавічы. А потым, калі ўжо зноў стала свабодней, зноў пачалі прывозіць у бярозаўскі ізалятар часовага ўтрымання. Пазней, калі на вуліцы выйшлі дзяўчаты, жанчыны з кветкамі, іншыя людзі абудзіліся, пачалі разам выходзіць, у тым ліку работнікі Бярозаўскага камбінату будаўнічых матэрыялаў, калі падчас перапынку шмат якія завадчане выйшлі на вуліцу і выказалі свае адносіны да гэтага гвалту, тады ўзнік такі невялічкі перыяд поўнай дэмакратыі, калі людзі маглі збірацца і на плошчах і потым пачалі падыходзіць да выканкама і збіраць подпісы пад рознымі патрабаваннямі, выступаць на прыступках райвыканкама, а пазней, калі прыносілі сваю петыцыю, і размаўляць са старшынёй. Але на патрабаванне людзей выйсці для размовы на плошчу старшыня адмовіўся, і паціху ўлады, міліцыянты, услед за імі і суды, вярнуліся да сілавых дзеянняў, і паціху папярэджанні, суды, штрафы і суткі ў вялікай ступені згасілі актыўнасць людзей. Тым не менш пераслед працягваўся далей. Я б сказаў, што пра пэўную дыскрымінацыю можна казаць, звяртаючы ўвагу на пераслед людзей з іншымі поглядамі. Напрыклад, людзей, якія проста сядзелі на лавачцы і проста размаўлялі, да іх падыходзілі і папярэджвалі пра недапушчальнасць правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

РР: А ў Бярозе на аўтобусным прыпынку?

Сяржук Русецкі: У Бярозе на аўтобусных прыпынках таксама папярэджвалі, складалі пратаколы, выклікалі ў міліцыю, штрафавалі і давалі суткі. Пазней, калі і гэтая актыўнасць згасілася, працягваўся ўжо пераслед нешматлікіх акцыяў, калі, напрыклад, ішлі маці і дачка Кашталяны ўдвух па вуліцы з кветкамі і маленькімі плакацікамі, фармату А4, іх затрымалі, абвясціўшы, што ішлі па ходніку шэсцем, а гэта нібыта масавае мерапрыемства, і аштрафавалі абедзвюх. Прыцягнулі да судовай адказнасці нават інваліда першай групы Валерыя Барашку, які некалькі нядзеляў выходзіў на плошчу з невялічкім бел-чырвона-белым сцяжком, на якім была выява Пагоні. Спачатку міліцыянты яго проста папярэджвалі, потым пісьмова папярэдзілі, а потым даслалі пратакол і накіравалі на разгляд у суд. І гэтыя дзеянні істотна згасілі актыўнасць. Праводзіліся ператрусы, і калі людзей затрымлівалі, то часта 72 гадзіны альбо менш утрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання. А потым праводзілі суды. Суды адкладаліся. Людзей забіралі з працы, яшчэ аднекуль. Затым штрафавалі, але гэтыя тры дні нікуды не ўлічваліся, то бок людзей забіралі з жыцця на нейкі час, а нехта, напрыклад, не мог патрапіць на працу. Затым згадалі і пра той пратэст, які выказалі работнікі  Бярозаўскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, і намеснік дырэктара па эканоміцы Юркевіч, які тады публічна выказаў сваё меркаванне на конт гэтага, пазней быў звольнены, яшчэ пазней прыцягнуты пракуратурай да адказнасці, і ў выніку суд прысудзіў штраф у 30 базавых велічыняў.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя