Сяржук Русецкі: Пералік бюлетэняў даверу не выклікае



У Бярозаўскім раёне былы ўчастковы Дзмітрый Гукін застаецца дэпутатам Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў па Кабакоўскай выбарчай акрузе №11, нягледзячы на тое, што народ яго не хоча.

Пракуратура  Бярозаўскага раёна, куды звярнуўся назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Сяржук Русецкі, задаволілася адказам Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі за подпісам старшыні камісіі Аляксандра Чарнагора аб няўважлівым  падліку галасоў участковай камісіяй, кажа Сяржук Русецкі:

– Я быў наглядальнікам, стаяў каля стала пры падліку галасоў і бачыў як камісія лічыла галасы. Я не маю падставаў не давяраць вынікам выбараў камісіі, але ж выходзіць, што і раённая выбарчая камісія, і сельская выбарчая камісія не даверылі, што камісія памылілася менавіта па Гукіну. Пералік бюлетэняў даверу не выклікае. Камсія пяць разоў пералічвала тыя бюлетэні. Адна з апошніх у раёне скончыла лічыць – з 8 да 2-х гадзінаў ночы лічылі галасы 500 выбаршчыкаў. То бок камісія некалькі разоў усё гэта пералічыла, каб кожная лічбачка супала па ўсіх тых праверачных падліках, якія былі ўказаныя ў той жа метадычцы Цэнтральнай выбарчай камісіі.

На выбарах у мясцовыя саветы, якія адбыліся 18 лютага, Дзмітрый Гукін ішоў па аднамандатнай акрузе і не набраў 50-ці патрэбных працэнтаў, каб стаць дэпутатам. З 95 прагаласаваўшых Гукін атрымаў 39 – “за”, а  50 – “супраць”.

19 лютага раённая выбарчая камісіі канстатавала факт, так бы мовіць, памылкі і  галасы “за” і “супраць” памяняліся месцамі.

Як прагаварыўся Гукін, ён атрымаў мандат дэпутата, каб заняць пасаду старшыні Першамайскага сельвыканкама.

Беларускае Радыё Рацыя