Сяржук Русецкі: Рэальнасць трэба пазнаваць



Брытанская даследчая арганізацыя «The Ekonomist intelligence Unit» апублікавала свежы «Індэкс дэмакратыі» за 2019 год. У ім Беларусь займае 150 месца сярод 165 краін. Побач аказаліся Бахрэйн і Іран. У 2018 годзе мы былі на 137 месцы. Сярод 28 усходнееўрапейскіх краін Беларусь знаходзіцца на 25 месцы.

Пра такую сумную статыстыку госць Беларускага Радыё Рацыя праваабаронца Сяржук Русецкі разважае разам з нашым карэспандэнтам. Таксама распавядае пра парушэнне правоў чалавека, а менавіта ў Берасцейскім рэгіёне.

РР:  Неад’емнае права чалавека – жыць свабодна і шчасліва. Чаму нашая краіна займае такія ганебныя месцы па правах чалавека?

– З улікам апошніх судоў, калі людзей судзяць за мірныя выступы ў падтрымку незалежнасці сваёй краіны і даюць штрафы і суткі, то, безумоўна, гэта ніяк не спрыяе таму, каб рэйтынг Беларусі павялічваўся. І Беларусь дагэтуль ёсць адной краінай у Еўропе, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне.

Відаць, звязана гэта ў нас з асобай нашага першага прэзідэнта, першага і адзінага, ягонымі ўяўленнямі пра правы чалавека, якія ён выказваў замежным журналістам. У такіх выпадках ён часта ўзгадвае і права на жыццё, і права на працу, а яго выказванні ў пэўнай ступені не вытрымліваюць крытыкі, паколькі ўжо 20 гадоў як зніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадскі.

Пра права на працу ў сучаснай Беларусі таксама можна казаць з вялікім скепсісам, паколькі вельмі значная частка людзей шукае працу: хто ў Расеі, хто ў суседняй Польшчы. Хто можа, той проста з’язджае з краіны. Таму ў гэтым сэнсе рэйтынг Беларусі даволі справядлівы.

РР: Не сорамна, што наша краіна знаходзіцца сярод 165 краін на 150 месцы і сярод усходнееўрапейскіх 28 краін на 25 месцы?

– Безумоўна, гэта нам не можа падабацца, але гэта даволі аб’ектыўная ацэнка. І рэальнасць трэба пазнаваць. Што зробіш, на жаль, так і ёсць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя