Сястра пра Алеся Бяляцкага: Заўсёды быў лідарам
25 верасня кіраўніку Праваабарончага цэнтра Вясна, палітвязню Алесю Бяляцкаму спаўняецца 59 гадоў. Гэта чарговы дзень народзінаў Алеся Бяляцкага ў няволі.
Актыўны, разумны, меў лідарскія якасці з дзяцінства, расказвае малодшая сястра праваабаронца Вольга:
– Заўсёды спадзяюся, што хутка ўсё гэта скончыцца. Ну а так цяжка, другі раз. Дзень нараджэння будзе 25 верасня ў яго, зноў не дома, а за кратамі. Ён амаль тры гады сядзеў. Яго арыштавалі тады 4-га жніўня і два дня нараджэння ўжо да гэтага былі ў няволі, а зараз зноў.
РР: Чаму ён стаў праваабаронцам?
– Мама распавядала, ён заўсёды быў лідарам у класе. Вельмі многа чытаў, заўсёды быў у кніжках, падручніках. Паводзіны былі нездавальняючыя часта, а па вучобе праблем не было ніякіх. Вучыўся вельмі добра. Бацькам не прыносіў шмат клопатаў.
А вы кім сталі па жыцці?
– Дамашняя гаспадыня. Зараз працую тут.
РР: Вы з’ехалі з Беларусі?
– Я з’ехала па рабочай візе, не ўцякала. Ужо не камфортна там было жыць, хадзіць і баяцца, што залезуць у тэлефон, будуць глядзець на якія каналы я падпісаная. Напрыклад нашу марку „Пагоня” у гаманцы ўсё жыццё. Цяпер я яе павінна выкладаць і баяцца, што мяне спыняць за штосьці. Жыллё там засталося. У мяне дачка тут з унукам, унук ужо ў другі клас ходзіць. Родных няма, бацькоў няма, таму з’ехалі.
РР: Як рэагавала с’ям’я на тое, што ён пайшоў у апазіцыю і праваабарону?
– Бацькі казалі, што не трэба, асабліва маці. Вельмі не лезлі і чым займаўся, тым займаўся. Казалі, але не слухаў і асабліва не казаў пра свае справы.
РР: Вы ганарыцеся сваім братам?
– Вельмі ганаруся, люблю яго і кожны дзень думаю пра яго.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Першы раз рэжым асудзіў Алеся Бяляцкага 4 лістапада 2011 года на 4,5 гады турэмнага зняволення нібыта за нясплату падаткаў. У 2021 годзе праваабаронцу арыштавалі па ч.2 арт.342 Крымінальнага кодэкса – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Беларускае Радыё Рацыя
