Сёлета самы высокі конкурс у БДУ на спецыяльнасці, звязаныя з дызайнам



Сёлета самы высокі конкурс у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ) на спецыяльнасці, звязаныя з дызайнам, паведаміла прэс-служба ВНУ, падводзячы першыя вынікі ўступнай кампаніі.

На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, найбольш высокія конкурсы на камунікатыўны дызайн – 13,7 чалавека на месца; дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя – 10 чалавек на месца; правазнаўства (на скарочаную форму) – 3,9 чалавека на месца. Для параўнання, у 2019 годзе найбольш высокі конкурс быў таксама на камунікатыўны дызайн – 16,3 чалавека на месца і дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя – 13,7 чалавека на месца.

На завочную бюджэтную форму навучання ў гэтым годзе падалі дакументы 565 абітурыентаў пры плане прыёму 218 чалавек, конкурс склаў 2,6 чалавека на месца (у 2019 годзе – 2,85).

У тым ліку на скарочаны тэрмін навучання падалі дакументы 323 абітурыенты пры плане прыёму 68, конкурс склаў 4,8 чалавека на месца (у 2019 годзе адпаведна: 315, 78, 4).

Сярод спецыяльнасцяў, па якіх праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, найбольш высокі конкурс быў на наступныя (скарочаны тэрмін навучання): медыцынская экалогія – 10,6 чалавека на месца; правазнаўства – 6,6 чалавека на месца; сацыяльная работа – 5; менеджмент – 4; фінансы і крэдыт – 3,7; дакументазнаўства – 4 чалавекі на месца.

Паводле інфармацыі ўніверсітэта, на дзённую бюджэтную форму навучання пададзена 3.496 заяў абітурыентаў пры плане прыёму 2.140. Сярэдні конкурс у гэтым годзе ніжэйшы, чым у мінулым і склаў 1,63 чалавека на месца (у 2019 годзе – 1,78).

Сёлета колькасць абітурыентаў, якія маюць сумарны вынік вышэйшы за 300 балаў па выніках цэнтралізаванага тэставання, вырасла і складае 71,3% супраць 66,5% у мінулым годзе. Сярод тых абітурыентаў, хто паступае ў БДУ і атрымаў на ЦТ 100-балаў, – 101 чалавек (у 2019 годзе – 86).

Сярод тых, хто падаў дакументы, без экзаменаў будзе прынята 72 пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (у 2019 годзе – 76). У гэтым годзе чвэрць (25,6%) ад агульнай колькасці тых, хто паступае ў БДУ, маюць залатую школьную медаль або дыплом сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы з адзнакай. У мінулым годзе такіх абітурыентаў было 20,5%.

Сярод тых, хто падаў дакументы, палова (49,7%) скончыла ліцэі і гімназіі.

Прыём дакументаў на платную форму навучання працягнецца да 15 жніўня.

БелаПАН