Сёлета закрыюць і рэкультывуюць 225 міні-палігонаў з адкідамі



Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адкідамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Свідзінскі.

– Зараз у нас ёсць 598 міні-палігонаў. Задача на 2020 год: рэкультываваць і вывесці з эксплуатацыі 225 міні-палігонаў. Гэта дазволіць арганізаваць працу па вывазцы, па сартыроўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. І адпаведна павысіць культуру абыходжання з адкідамі ў насельніцтва. Гэта дакладныя графікі, гэта кантэйнерныя пляцоўкі, гэта раздзельны збор.

Паводле Мікалая Свідзінскага, у Беларусі сёння 21% адкідаў уцягваецца ў другаснае выкарыстанне. «Гэта, канешне, не 90-95%, як у некаторых скандынаўскіх краінах, але задача па павелічэнні стаіць, і яна вырашаецца», — сказаў чыноўнік Мінпрыроды.

Беларускае Радыё Рацыя