Гадавіна смерці Міхаіла Жызнеўскага (абноўлена)



Здымачная група ўкраінскага тэлеканала „1+1” усё-такі даехала да могілак, дзе пахаваны герой Нябеснай сотні Міхал Жызнеўскі. Пасля некалькіх гадзінаў затрымкі на беларускай мяжы ўкраінскіх карэспандэнтаў прапусцілі ў Гомель.

Як паведаміла журналіст Валянціна Доброта, памежнікі заявілі, што яе прозвішча ўнесенае ў спіс неўязных на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі.

– Паколькі ў Расеі і Беларусі адзіная памежная база, то мяне не пускалі. Калі пачала высвятляць: як жа мяне акрэдытавалі пры МЗС Беларусі, то пачалі высвятляць. Але самой акрэдытацыі ў мяне з сабой не было, але яна была ў МЗС Беларусі. Высвятленне зацягнулася на дзве з паловай гадзіны, а потом яшчэ прычапіліся да тэхнікі, але гэта ўжо працоўныя моманты.

Украінская здымачная група ехала здымаць сюжэт з нагоды гадавіны з моманта забойства Міхала Жызнеўскага, які загінуў падчас абароны Еўрамайдану ў цэнтры Кіева 22 студзеня 2014 года.

На могілках у вёсцы Сцяг Працы, што ў Гомельскім раёне, ушанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага.

WP_20150122_013

У Гомелі прайшоў дзень памяці Міхаіла Жызнеўскага. На могілках ля вёскі Сцяг працы сабраліся родныя забітага беларуса, а таксама ўкраінскія сябры і прадстаўнікі дэмакратычнага руху з Беларусі.

Украінка Тамара Шаўчук падчас пратэстаў на Майдане была медсястрой.

Уноч з 21-га на 22-ае каля мяне выбухнула граната, я выцягвала хлопца, які страціў вока. Я разгубілася: што рабіць? Наўкола было досыць шмат людзей, але толькі адзін Міша падбег і дапамог мне выцягнуць гэтага хлопца.

Маці Міхаіла Жызнеўскага Ніна Васільеўна заўважае, што час ад часу невядомыя здзяйсняюць акты вандалізму на магіле яе сына.

Я вельмі сумняюся, што ў нас у Беларусі будзе ўшаноўвацца памяць пра Мішу. Можа быць праз дзесяцігоддзі, але толькі не ў наш час. Пакуль нашы СМІ не “адбеляць” ад гэтай чарнаты Мішу ў газетах і на тэлебачанні, ніякага толку не будзе.

Гамяльчук Міхаіл Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў украінскай рэвалюцыі. Ён загінуў 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ад кулі невядомага.

З месца падзей паведамляе наш карэспандэнт:

– Сярод двух дзясяткаў асобаў, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага, прадстаўнікоў украінскай амбасады няма, але гэта не значыць, што яны не ўшанавалі яго памяць. Вянок ад прадстаўнікоў дыпламатычнай місіі ўжо стаіць каля помніка забітаму снайперам беларусу. Як паведаміла маці Міхаіла Жызнеўскага Ніна Васільеўна, дарадца ўкраінскай амбасады прысутнічаў раніцай у яе асабіста. Ён выслухаў яе скаргі адносна таго, што час ад часу здзяйсняюцца напады невядомымі вандаламі на могілкі. У прыватнасці раскідваюцца вянкі, зрываюцца ўкраінскія і беларускія сцягі. Дарадца амбасады паабяцаў узяць гэта на асабісты кантроль і нейкім чынам узняць праблему на ўзроўні кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што сярод прысутных ёсць людзі, якія ведалі асабіста Міхаіла Жызнеўскага ва Украіне – гэта валанцёры, якія дапамагалі пратэстоўцам падчас драматычных падзей мінулага года, гэта сябры, паплечнікі, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Гомеля, а таксама Менска. Сярод сабраўшыхся прысутнічае кінадакументаліст Вольга Мікалайчык. Інфармацыя пра тое, што мусілі прысутнічаць прадстаўнікі ўкраінскай прэсы, адпавядае праўдзе. Яны, на колькі я ведаю, знаходзяцца на шляху да вёскі Сцяг Працы. Справа ў тым, што іх вельмі доўга правяралі на беларускай мяжы і дзякуючы таму, што гэтае пытанне вырашылася, яны неўзабаве прыедуць.  

10801925_898484926863642_26842977475960498_n

Ушануюць памяць першых герояў Нябеснай сотні і ў Менску каля помніка Тарасу Шаўчэнку. Пачатак а 20-й гадзіне.

Акцыя памяці пройдзе таксама ў Кіеве. Тут плануецца веча на Майдане Незалежнасці і шэсце на вуліцу Грушэўскага да помнікаў Сяргею Нігаяну і Міхаілу Жызнеўскаму. Акцыю ладзяць Рух салідарнасці „Разам” (Беларусь), Інтэрнацыянальная ліга „Майдан” і іншыя арганізацыі. Пачатак а 18-й гадзіне.

Ушанаванне памяці першых ахвяраў Майдану пройдзе і каля Амбасады Украіны ў Варшаве. Пачатак а 18-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара