Гісторыку Паўлу Лойку споўнілася б 60



Сёння беларускаму гісторыку Паўлу Лойку споўнілася б толькі 60 гадоў з дня нараджэння. А ўжо 8 гадоў яго няма.

Сын пісьменніка Алега Лойкі Павел нарадзіўся 12 ліпеня ў 1958 года ў Слоніме. Пасля вучобы на гістарычным факультэце БДУ быў прыняты ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук Беларусі (1980), дзе пад кіраўніцтвам вядомага спецыяліста па аграрнай праблематыцы Васіля Мялешкі падрыхтаваў кандыдацую дысертацыю, паспяхова абароненую ім у 1984 годзе і пазней апублікаваную ў выглядзе манаграфіі “Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII стст.” (Менск, 1991). Добра інтэграваўшыся ў калектыў акадэмічнага інстытута, Павел з 1990 па 2000 гады кіраваў там аддзелам гісторыі Беларусі ХІІІ – ХVІІІ стагоддзяў, будучы адначасова загадчыкам новастворанай кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў у БДУ.

Пасля захаплення аграрнай гісторыяй пачаў вывучаць пытанні дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, якое стала яго найбольшай пасіяй. На падставе архіўных крыніц напісаў манаграфію “Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVI — першай трэці ХVII ст.” (Менск, 2002) і па гэтай жа тэме падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, якая цяпер ужо так і засталася неабароненай.

Разам з Васілём Мялешкам Павел Лойка напісаў і выдаў кнігі пра паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. А гэта кнігі “Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы” (1988) і “І ўзняўся люд просты” да 300-годдзя з дня нараджэння Васіля Вашчылы – кіраўніка Крычаўскага паўстання 1740-1744 гадоў.

Шмат мог зрабіць яшчэ гэты таленавіты гісторык, але лёс не даў яму рэалізаваць усіх сваіх планаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя