“Такі досвед немагчыма атрымаць у Беларусі”. Завяршылася летняя школа РЗС
Дайсці туды, дзе цяжка трапіць нават грамадзяніну Польшчы. У Варшаве прайшла чарговая летняя школа Руху “За Свабоду”. Цягам шасці дзён маладыя беларусы наведвалі польскія міністэрствы, Сейм і Сенат, амбасады заходніх краін, знаёміліся з маладымі польскімі палітыкамі.
Арганізатары візіту – кіраўнік Руху “За Свабоду!” Юры Губарэвіч і сустаршыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
Што даюць такія візіты? Апытаных намі ўдзельнікаў найбольш уражвае абсалютна іншы падыход да грамадзян з боку дзяржаўных структураў:
— Вельмі сур’ёзная грунтоўная праграма. Мяне вельмі здзіўляе, як польскія афіцыйныя структуры ідуць на кантакт з простымі людзьмі.
— Здзіўляе, як гэтыя маладзёны ўсё гэта арганізавалі? Не ступала яшчэ нага чалавека, простага турыста, у тыя месцы, дзе мы ўжо былі. Нават грамадзянам Польшчы каб некуды трапіць, патрэбная заява, 24 гадзіны, а мы ўжо натоўпам прайшліся, усё пафоткалі, зрабілі сэлфі.
— Тут такі досвед, які немагчыма атрымаць у Беларусі. Такая адкрытасць уладаў. Мы размаўлялі амаль што з першымі людзьмі Польшчы, і ўсе размаўлялі з намі як з роўнымі.
Сярод іншага, маладыя беларусы наведалі прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве.
Аналітык прадстаўніцтва Філіп Скарвінскі прачытаў лекцыі пра структуру Еўразвязу, унутраныя ўзаемадачыненні і еўрапейскую эканоміку.
— Думаю, гэтай моладзі важна ведаць, што Еўропа можа прапанаваць, што добрага можа выйсці з таго, калі іх краіна прыблізіцца да Еўразвязу. Мы ў Польшчы паказваем, якую дарогу мы пераадолелі ад посткамуністычнай краіны да сябра Еўразвязу. Магчыма, Беларусь таксама некалі пройдзе гэты шлях.
Менавіта такі пасыл і з’яўляецца тэмай сёлетняй летняй школы. Сведчыць пра гэта і сама назва мерапрыемства – “Месца Беларусі ў Еўропе”.
Старшыня руху “За Свабоду!” Юры Губарэвіч зазначае, візіт дапаможа беларускай моладзі раскрыць свой патэнцыял да грамадскай дзейнасці:
— Тыя людзі, якія да нас прыходзяць, як правіла, раней не былі ангажаваныя ні ў грамадскае, ні ў палітычнае жыццё. Але пасля таго, як яны пазнаёмяцца са сваімі аднагодкамі, атрымаюць новую інфармацыю, пачуюць пра дзейнасць грамадскіх і палітычных арганізацый, у т.л. і руху “За Свабоду!”, яны далучаюцца да больш актыўнай дзейнасці.
Летняя школа сталася ўжо пятым адукацыйным візітам, арганізаваным сёлета Беларускім Домам у Варшаве, дадае сустаршыня арганізацыі Алесь Зарэмбюк. Усяго ад пачатку году ў такога кшталту праектах паўдзельнічала каля 120 чалавек:
— Людзі, якія прыязджаюць – гэта прадстаўнікі новага беларускага пакалення, якое нарадзілася ў незалежнай Беларусі. Яны пакідаюць вельмі пазітыўнае ўражанне. Усе людзі альбо вучацца, альбо працуюць. Усе займаюць добры месцы ў Беларусі. Такім чынам, мы таксама руйнуем міф, што беларуская грамадзянская супольнасць маргінальная. Гэта абсалютная няпраўда!
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
