Тамара Шчапёткіна мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН



Берасцейская касацыйная інстанцыя пакінула без зменаў рашэнне суда Бярозаўскага раёна па адміністрацыйнай справе журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай з Бярозы.  

У скарзе Шчапёткіна прасіла адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна ад 5 лістапада. Суд пакараў журналістку чарговым штрафам 35 базавых за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя. Суддзя Берасцейскага абласнога суда Руслана Сянько да довадаў журналісткі аднеслася перадузята і зачытала без перапынку  ўжо гатовае рашэнне. Усе прысутныя на працэсе чарговы раз убачылі ігнараванне людзьмі ў судовых мантыях  як унутраных, так і міжнародных законаў, кажа праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін:

– Вынікі  судовых паседжанняў прадказальныя. Ніхто не сумняваўся. Яўна, што тут служаць не народу.

Людміла Дзенісенка:

– Нашая судовая сістэма даўно прагніла. Суддзі мусяць быць з чыстым сумленнем і халоднай галавой.

Аляксандар Сахарук:

– Гэта не суддзя. Суддзя павінен служыць закону і народу Беларусі, а не супрацоўнікам КДБ.

Ірына Смірнова:

– Судовыя паседжанні падобныя да драматычных спектакляў у тэатры абсурду.

Тамара Шчапёткіна, якую за кароткі перыяд часу чатыры разы прыцягвалі да судовай адказнасці за працу без акрэдытацыі і пакаралі штрафам  агулам у 151 базавую велічыню,  не пагадзілася з судовым рашэннем і мае намер звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя