Тамара Сяргей: Проста так кайданкі на мяне не накінуць



tamara_siarhiej_dlia_presy_11Праваабаронца Тамара Сяргей распавяла, што ёй пагражае крымінальная справа па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса – “за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання”.

Тамара Сяргей дапамагае жанчынам, якія ў межах грамадзянскай ініцыятывы доўгія гады дамагаюцца ў судах праўды для сваіх блізкіх, што знаходзяцца за кратамі.

“Напачатку мінулага месяца мы чарговы раз звярнуліся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, каб ён прыняў нас на асабістым прыёме 26 чэрвеня, – распавядае правабаронца. – Як заўжды – напісалі заяву. Гэта, дарэчы, ужо восьмая заява на адрас кіраўніка Адміністрацыі з таго моманту, як яго прызначылі на гэтую пасаду. Зараз у прыёме нам адмовілі, а нашу калектыўную заяву накіравалі ў Генеральную пракуратуру. 8 ліпеня мяне выклікалі у пракуратуру і нагадалі, што ў мяне ёсць афіцыйнае папярэджанне пра крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага аб’яднання. Цікавіліся, куды мы звярталіся ў апошні час. Я напісала пісьмовыя тлумачэнні, думала, што на гэтым усё і закончыцца. Але 22 ліпеня ў Галоўнае ўпраўленне па змаганні з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі пачалі выклікаць усіх падпісантаў звароту. Аказваецца, што Генпракуратура даручыла гэтаму ведамству правесці праверку па факту зваротаў”.

Па словах Тамары Сяргей, пасля правядзення праверкі будзе вырашацца пытанне пра пачатак у дачыненні да яе крымінальнай справы па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса “за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання”.

“Я не ведаю, чым закончыцца праверка, – дадае суразмоўца. Магчыма, усё будзе залежыць ад таго, якое ўказанне дадуць зверху. Можа быць, нават пачнуць крымінальную справу. Аднак мы жанчыны трывалыя. Мы баронім свае інтарэсы, сваіх блізкіх і іншых людзей. Проста так не здадзімся, і проста так яны на мяне кайданкі не накінуць. Вось гэта я магу гарантаваць”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Марата Гаравога