“Танкавы” патоп у Калодзішчах



Надзвычайная сітуацыя склалася ў Калодзішчах для жыхароў двухпавярховага дома нумар 8-А на вуліцы Танкавай. У сярэдзіне студзеня на другім паверсе пры адсутнасці гаспадароў там прарвала батарэі ацяплення. У выніку чаго заліло амаль усе кватэры. Балазе, адпаведным чынам праявілі сабе службы жыллёвай гаспадаркі, што з-за аварыйнага стану ўсёй навакольнай “камуналкі” не маглі справіцца з патопам. Але аварыя працягваецца.

 Гаспадыня Марына Маклюк з 3-й кватэры, седзячы ў цеснай куханьцы, не магла спыніцца, расказваючы пра нарастаючы ланцуг праблем ды страт, што не вырашаюцца. І прыводзяць да нервовых зрываў…

Марына Маклюк: У 2 гадзіны на працу пазванілі, што нас сусед залівае! Бягом бегла – тут хадзілі людзі ў форме “Жилищник Минщины”. Дзверы адчыняю – пара вакол, зрэнкі не бачаць! А на вуліцы “адрублены” рубільнік і вада льецца ў хаце. А электрасетка ўключана. У мяне істэрыка – чаму не перакрываеце?! Майстар адказвае – нічога не функцыянуе. Што ж вы дагэтуль не адрамантавалі электрасеткі?! Тады яны пачалі тэлефанаваць у кацельную. Але маразы – скінулі толькі  ціск да мінімума…

РР: Першапачаткова – што адбылося?

Марына Маклюк: Суседа нават не было ў хаце – з сям’ёй адпачываў у Польшчы. Па роўмінгу з ім звязаліся – прыехаў суродзіч з ключом, які адкрыў хату, каб выключыць усё – так і ДАГЭТУЛЬ!

РР: Вы ацанілі выдаткі, што вам нанесеныя?

Марына Маклюк: Я медсестра-анэстэзіст сталічнага навукова-практычнага цэнтра – вы разумееце, наколькі я далёкая ад гэтага? У ЖЭУ сказалі, што каштарыс складуць, але я ім не веру. У акце пад подпісам начальніка ЖЭУ-2 Лабаноўскага напісана, што трэба толькі шпалеры памяняць.

РР: А што на самай справе?

Марына Маклюк: Трэба падлогу ўскрываць!  У нас няма падвалу і ўсё лілося ў пясок. І ўсё будзе выпарацца немаведама колькі. Трэба засыпаць якім керамзітам і высушваць. А дзе жыць? З намі пражывае сям’я маёй дачкі з двума дзяўчо – васьмігадовая і з трох з паловай год. Дзе ім жыць?! А Лабаноўскі кажа – вы дыван у хімчыстку здайце! А на ім спаць нельга, а пасля хімчысткі, кажу як медык, чалавек будзе паступова-паступова захворваць рознымі ад хіміі хваробамі.

Далучаецца падышоўшы муж Васіль.

Васіль Маклюк: Дагэтуль з 10 студзеня сцены мокрыя!  Вокны заўжды адчыненыя, але пах так і не выветрываецца. Лабаноўскі кажа, што вінаватае “самавольнае ўмяшальніцтва ў ацяпляльную сістэму” суседа, які памяняў трубы з дапамогай працаўнікоў яго ж ЖЭСу аж 10 год таму! Яны хочуць перакінуць віну за ўсё на нашы плечы, і каб мы яшчэ з суседам Андрэям судзіліся! А я пытаюся ў Лабаноўскага – лопне знянацку ад вашай безадказнасці труба ў мяне – і нас таксама пад суд?!

Марына Маклюк: Безадказнасць уладаў апошнімі гадамі ўзмацнілася – бачна, што “дурня ўключаюць”.

Я падымаюся на 2 паверх, дзе жыве сямейства яшчэ адных ахвяр – Горбачаў. Кажа муж:

Аляксей Горбач: Прыйшоў, калі ў хаце лілося, як з вядра. Служба прыехала – адзін венціль перакрыць не маглі, потым другі. Пасля другі дом “перакрыць” не маглі – іншая служба абслугоўвае. Поўдня займаліся толькі тым, каб вада не лілася! Увогуле, тут такі бардак творыцца! Выйдзіце на вуліцу – там не толькі пах каналізацыі, яна лье праз верх. Люк прыкрыты прасцінай – глядзі, як праваліцца. Пісалі пра ўсё год пяць! Да іх прыедзеш – вечны абед, не адчыняюць.  А вынік – танкавы патоп!

Акурат зранку адбылася сустрэча спадарыні Марыны Маклак з кіраўніком менскай вертыкалі Пятром Ярмашам. На ёй прысутнічаў і памянёны кіраўнік Каладзішчанскага ЖЭСа Лабаноўскі. Яму слова далі, Марыне – не. Далей – суд.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара