Таццяна Караткевіч: На выбары пойдзе сярэдні клас



Адзін з лідараў «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч распавяла, як іх арганізацыя рыхтуецца да мясцовых выбараў.

Таццяна Караткевіч: У нас зараз завяршаецца этап унутранай мабілізацыі да выбарчай кампаніі. Маем ужо больш за 100 прэтэндэнтаў у кандыдаты, займаемся іх падрыхтоўкай, бо працуе спецыяльная школа. Дарэчы, у пэўным сэнсе ўжо ідзе праца і ў акругах, яна праходзіць у межах кампаніі “Зробім разам”. А дзесьці праз тыдзень пачынаем ужо і знешнюю мабілізацыю. Пакуль жа чакаем людзей, якія яшчэ дакладна не вызначыліся са сваім удзелам у выбарах.

РР: Хто ў сваёй большасці вашы кандыдаты?

Таццяна Караткевіч: У асноўным гэта новыя людзі, якія раней не ўдзельнічалі ў такіх кампаніях. Яны маюць ідэі нешта змяняць да лепшага ў краіне, таму і вырашылі паспрабаваць свае сілы. Нашы кандыдаты ў большасць прадстаўляюць сярэдні клас. Некаторыя заняты ў сферы бізнеса, ёсць навукоўцы, якія працуюць у ВНУ. Людзі маюць сталую працу, але пры гэтым хочуць быць і грамадска актыўнымі. Увогуле, лічым, што выбарчую кампанію трэба выкарыстаць напоўніцу, таму рыхтуемся да яе суадносна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя