Таццяна Равяка: Перспектыва быць апраўданай таксама ёсць
Праваабаронца Таццяна Равяка распавядае пра тое, чым можа закончыцца суд над ёй, які перанесены на 26 красавіка.
Нагадаем, праваабаронцу з «Вясны», кіраўніцу Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Таццяну Равяка вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі і брыдкаслоўі падчас акцыі салідарнасці з затрыманымі на Дзень Волі, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 26 сакавіка. Таццяна Равяка сваёй віны не прызнае, сцвярджае, што была на плошчы як праваабаронца.
Таццяна Равяка: Зразумела, што тых дзеянняў, у якіх мяне абвінавачваюць (лаялася матам, гучна крычала, размахвала рукамі, садзілася на зямлю — усё гэта проста ў цэнтры Менска, на Кастрычніцкай плошчы), я не рабіла. Так, на плошчы была, фіксавала дзеянні праваахоўных органаў, якія праводзілі затрыманні ўдзельнікаў акцыі, фатаграфавала. Гэта тое, што і павінна рабіць праваабаронца падчас масавых мерапрыемстваў. Мне цяжка сказаць, чаму на мяне „навесілі” такія абвінавачанні. Верагодна, што падчас атрымання дадзеных пра асобу ў РУУС сказала, што я – праваабаронца і выказала пратэст у сувязі з тым, што маё права карыстацца дапамогай адваката з моманту затрымання было парушана. Акрамя таго, заявіла, што ніякіх тлумачэнняў без адваката даваць не буду. Іншых затрыманых выпусцілі з РУУС без наступстваў, а ў адносінах мяне, верагодна, спрацаваў падыход: калі ты, праваабаронца, кажаш пра нейкія правы, то атрымай пратакол.
РР: Што можаце сказаць пра перспектывы справы?
Таццяна Равяка: Складана нешта прагназаваць. Адзін з варыянтаў – дадуць штраф, зараз гэта больш распаўсюджанае пакаранне, чым арышты. Але і арышт я не выключаю, таму на суд зноў пайду з „трывожным чамаданчыкам”. Перспектыва быць апраўданай таксама ёсць, але для гэтага трэба мужнасць суддзі. Магу сказаць, што гэта хутчэй вера і надзея, чым перспектыва.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
