Таццяна Севярынец: Адседзець недзе – ужо не выпадае



Абуранасць людзей дэкрэтам №3 толькі павялічваецца. Так лічыць кіраўнік віцебскай філіі партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Таццяна Севярынец. Нядаўна яе прысудзілі да штрафу за ўдзел у акцыі “недармаедаў”. На думку актывісткі, нават штрафамі і затрыманням ужо немагчыма задушыць і запужаць людзей, якія засталіся без працы, і з якіх за гэта яшчэ спрабуюць спаганяць падатак.

– Поўная зала была ў маю падтрымку, людзі прыйшлі на суд. І тыя, якіх я не бачыла, не ведала, незнаёмыя зусім, яны чакалі і выказвалі сваё ганебнае стаўленне да гэтага прысуду ў калідоры суда. І яшчэ раз паўтаралі, што гэта ўжо не ўлада, што ўжо далей так жыць немагчыма. Можа быць людзі згуртуюцца і выйдуць, бо зразумела, што трэба нешта рабіць канкрэтна, гучна заяўляць пра свае правы, і адседзець недзе – ужо не выпадае.

Тым часам арганізатары святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў Менску не збіраюцца адмяняць шэсце і мітынг. Заўтра, па словах палітыка Мікалая Статкевіча, ён разам з праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам будзе абмяркоўваць пытанні бяспекі падчас удзелу ў акцыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org