Таццяна Севярынец: Дзякуй Магілеву за салідарнасць



Маці палітвязня Паўла Севярынца перадае словы падзякі ўсім, хто дапамог ёй перадаць перадачу сыну ў магілёўскую турму.

Перадача важыла больш за 12 кг, але спадарыні Таццяне трэба было толькі давезці яе з Віцебска ў Магілёў. Астатні клопат узялі на сябе валанцёры, нават занялі чаргу, каб перадаць перадачу, бо зазвычай гэта вельмі доўгая працэдура, кажа спадарыня Таццяна:

– Я ехала з сяброўкай, яна вырашыла мяне суправаджаць. Нас сустрэлі, адвезлі да турмы, дзе прымаюць перадачы. І якраз падышла наша чарга, толькі адзін чалавек быў перад намі. Перадачу перадалі і былі ўжо вольныя. Да нашай маршруткі заставалася 3 гадзіны, і нас павазілі па Магілёве… Гэта і называецца салідарнасць, каб супроцьстаяць гэтай навале!

Таццяна Севярынец кажа, што магілёўскія валанцёры падобным чынам дапамагаюць і іншым палітвязням: перадаюць перадачы, апякуюцца іхнымі сваякамі. Яна знарок не паехала да магілёўскага абласнога суду, дзе штодня ідзе працэс над Паўлам Севярынцам, відэаблогерам Зміцерам Казловым, актывістамі кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам і Ірынай Шчаснай, якіх вінавацяць за ўдзел або арганізацыю масавых беспарадкаў.

Турма ў Магілёве, дзе ўтрымліваюць палітвязняў.

Клопатам валанцёраў стала і падтрымка журналістаў Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча, а таксама магілёўскага каардынатара БХД Алега Аксёнаў. Іх абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў дзень пачатку суду, 12-га траўня. Абодвум журналістам прысудзілі па 20 сутак арышту, Алегу Аксёнаву – 15 сутак.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск