Таццяна Севярынец: Прапанавала ім свае белыя шкарпэткі з чырвонай паласой



У Віцебску міліцыя праводзіць ператрусы ў межах справаў затрыманых актывістаў Аляксандра Мацеюка, якому інкрымінуюць “наркатычны” крымінальны артыкул 328,  і Алега Баразны, супраць якога распачалі крымінальную праву за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў. Абодва актывісты затрыманыя ўночы з 9 на 10 лютага і знаходзяцца пад вартай у Віцебскім СІЗА.

Дзіўна, але шукаць наркотыкі, каб падмацаваць абвінавачанні, міліцыянты прыйшлі да трох віцебскіх пенсіянерак, у тым ліку да актывісткі Таццяны Севярынец, у якой забралі не забароненыя рэчывы,  а кнігі яе сына, палітвязня Паўла Севярынца, і бел-чырвона-белы парасон.

Ганна Ліпка паразмаўляла з жанчынамі, у якіх міліцыянты правялі ператрусы.

Таццяна Севярынец: Я кажу, ведаеце што, паказвайце вашы кішэні, вы спачатку. А то зараз вы мне накідаеце. А навошта? Ну як навошта, я вас не ведаю. Яны нават не звярнулі ўвагу ў якую залю зайшлі. Яны паглядзелі, паадкрывалі шафы, бачаць кнігі. Ну, зразумела. Я кажу, гэта пакой майго сына Паўла. А ён дзе? Сядзіць, кажу, сем гадоў далі.

РР: А яны не ведаюць?

Таццяна Севярынец: Як бы. У мяне там на паліцы ляжалі ягоныя кнігі. Штук 16. Так яны і запісалі, што 16 штук іх было. Кніга называецца “Люблю Беларусь”. Кнігі белыя і чырвоным напісана “Люблю Беларусь”. І сэрца на вокладцы. Гэта выданне ўжо невядома якое. Яшчэ з 2005 года. Адзін пабег тэлефанаваць. Я кажу, вы ж прыйшлі па наркотыках. Гэта што, наркотык ці як? Нам сказалі забраць. Кажу, Госпадзі, вы чыталі гэтую кнігу? А сына кнігі вы іх прадаёце, ці дорыце іх каму-небудзь. Кажу, гэта сынавы кнігі, яны ляжаць у хаце. І сцяжкі. Два маленькія ў мяне стаялі ў пакоі, і адзін стаяў ў Пашы, і адзін ляжаў. Забіраюць сцяжкі. Гэта “запрещенная символика”. Я кажу: хто вам сказаў? А потым раз, у мяне ў куце паміж шафай і Пашавым ложкам парасон мой у чорным чахле. А ён яго вывалаквае. Ну што, “я забираю зонтик”. А гэта ўжо на што? Вы бачыце, што стаіць, ён не тырчыць ні ў акне, ні дзе. Чаму вы забіраеце? Я ім кажу, слухайце хлопцы, у мяне яшчэ ёсць шкарпэткі, белыя з чырвонай палоскай, давайце я вам яшчэ шкарпэткі сюды дадам. Але неяк праігнаравалі.

Многія віцебскія актывісты адзначаюць што цягам учарашняга і сённяшняга дня да іх узрасла цікаўнасць з боку міліцыі. Супрацоўнікі МУС тэлефануюць, распытваюць пра месца знаходжання людзей, а таксама ўдакладняюць, ці прыходзілі ўжо да іх з ператрусамі. Прычым такія гутаркі адбываюцца не толькі з тым жыхарамі Віцебску, хто ёсць сябрам нейкай партыі або руху, а нават і з шараговымі  гараджанамі, якія былі асуджаныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях цягам апошняга году.

Цалкам размова:

 Размаўляла Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя