Таццяна Равяка: Жамчужны просіць пра бяспечныя ўмовы ўтрымання



Праваабаронца Таццяна Равяка распавяла, чаму яна звярнулася са зваротам да начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакарання.

У адным са сваіх лістоў да Таццяны Равяка палітвязень Міхаіл Жамчужны ў некалькіх словах ўзгадаў пра інцыдэнт, які здарыўся з ім у папраўчай калоніі №14 у Навасадах, дзе ён адбывае пакаранне, паведаміў spring96.org.

Прваабаронца, непакоячыся за бяспеку палітвязня, звярнулася са зваротам да начальніка Упраўлення Дэпартамента выканання пакарання па Менску і Менскай вобласці, у якім паведаміла аб тым, што ў ноч з 23 на 24 студзеня 2017 года з М. Жамчужным адбыўся нейкі інцыдэнт, у выніку якога зняволены быў вымушаны звярнуцца з заявай аб бяспечных умовах утрымання.

Таццяна Равяка: 13 лютага быў накіраваны зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў.  Буду спадзявацца, што атрымаю нейкую станоўчую інфармацыю і з Дэпартамента, і ад адваката Жамчужнага, які ў бліжэйшыя дні наведае Міхаіла ў калоніі і, безумоўна, пацікавіцца тым інцыдэнтам, пра які спрабаваў паведаміць палітвязень.

РР: Ён пісаў пра правакацыю супраць сябе?

Таццяна Равяка: Не зусім зразумела, бо пра гэту гісторыю Жамчужны пісаў крыху таямніча. Адзін сказ пра інцыдэнт у адным лісце, другі – у іншым… А адзін ліст, у якім, хутчэй за ўсё, Міхаіл і распавядаў падрабязнасці, наогул да мяне не дайшоў, некуды знік па дарозе. Адзінае, што вядома дакладна – Жамчужны быў вымушаны прасіць бяспечныя ўмовы ўтрымання, але яму ў гэтым адмовілі. Гэта ўсё, што вядома на дадзены момант.

РР: Дэпартамент адкажа на працягу месяца?

Таццяна Равяка: Так, але можа і раней. Калі ж спатрэбіцца дадатковая праверка, то, думаю, на гэта ім спатрэбіцца час.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя