BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Таварыства беларускай культуры Літвы адсвяткавала 35-годдзе

35-годдзе заснавання адзначыла Таварыства беларускай культуры ў Вільні. Святочная імпрэза пачалася з канферэнцыі пад назвай “Беларусы ў Літве: учора і сёння”.

Імпрэзу адкрыла Сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова, якая зачытала прывітальны ліст ад спадарыні Івонкі Сурвіллы як Старшыні Рады БНР.

Таксама прысутнічалі іншыя ганаровыя госці, сярод якіх старшыня клуба “Гервяты”, першы амбасадар Літвы ў Беларусі Альфонсас Аўгуліс, дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус, дырэктар Літоўскага фонду культуры і ўнук Вацлава Ластоўскага Рымантас Матуліс ды іншыя.

Як кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, выйшла так, што іх арганізацыя мае больш стасункаў з літоўскімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўстановамі, чым з беларускімі арганізацыямі.

Беларускіх арганізацый тут больш за 35, перад канферэнцыяй я шмат каму разаслаў запрашэнні: не адказалі, не павіншавалі, не прыйшлі, за выключэннем Валянціна Стэха. Але яго арганізацыя заснавалася яшчэ раней за ТБК. Вось мы існуём паміж сабой. А так можна, нават лагічна было б, атрымаць віншаванні ад іншых беларускіх арганізацый. Гэтага не адбылося.

На канферэнцыі было закранутае пытанне цяперашніх стасункаў літоўцаў і беларусаў. Дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус сказаў, што літоўцы не хочуць заўважаць беларусаў. І гэта выклікала ў некаторых гарачую дыскусію.

– Па меншай меры беларускі погляд на літоўцаў нашмат больш пазітыўны, чым літоўцаў на беларусаў. То бок праблема тут у двухбаковых рашэннях не на беларускім баку, а на літоўскім. Гэта літоўцы не хочуць бачыць. Яны бачаць і адначасова не хочуць бачыць. Трэба рашаць у першую чаргу на літоўскім баку.

А зараз што атрымліваецца, што ўсе ў Літве занятыя пытаннямі, калі беларусы акупуюць Вільню, той жа літвінізм, калі аднімуць мінулае. Вось такое трызненне.

Нягледзячы на такія непаразуменні, на імпрэзе прысутнічала шмат літоўцаў, якія падтрымліваюць беларусаў, а само свята пачалося з выканання двух гімнаў – Літвы і Беларускай Народнай Рэспублікі:

На святкаванні таксама прысутнічалі ўніяцкія святары, якія прачыталі малітву за беларусаў і распавялі пра гісторыю ўніяцкай царквы ў Вільні і яе дзеячаў.

Імпрэза адбылася пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя