ТБМ Гародні заклікае аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы



У Гародні працягваецца набор у беларускія першыя класы. Таварыства беларускай мовы заклікае гарадзенцаў праявіць нацыянальную свядомасць і даць сваім дзецям шанс вучыцца на роднай мове. Сёлета першыя беларускамоўныя класы адкрываюцца ў 32-й і 34-й школах.

Кажа старшыня абласной рады ТБМ Алесь Крой:

– Хацеў бы запрасіць шаноўных гарадзенцаў, беларусаў, якія хочуць каб іх дзеткі валодалі дзвюма дзяржаўнымі мовамі, таму што сёння выдатна вывучыць беларускую мову можна толькі ў беларускім класе, падаваць заявы ў беларускія класы. Каб у нас без праблем набіраліся як мінімум два беларускія класы хаця б па 15 вучняў у двух раёнах Гародні – у 32-й і 34-й школах, то безумоўна можна было б гаварыць пра тое, што гарадзенцы гатовыя да таго, каб адкрыць цалкам беларускамоўную пачатковую школу.

Перазапісаць заявы на беларускамоўнае навучанне можна да канца жніўня. Пакуль у 32-ой школе набрана пяцёра дзяцей, а ў 34-ю была пададзена адна заяўка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]