Сакратарыят ТБМ выдаў зварот з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Амаль поўная адсутнасць выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы пры палітычнай выбарчай кампаніі ставіць пад сумнеў шчырасць некаторых кандыдатаў і ўсвядомлены выбар будовы Новай Беларусі. Таварыства беларускай мовы не вызначаецца з падтрымкай кагосьці з кандыдатаў.
Кажа Алена Анісім, старшыня нацыянальнай Рады ТБМ імя Францішка Скарыны:
– Мы падтрымліваем кожнага з кандыдатаў, хто выступае з пазіцыі нацыянальнага суверэнітэту, дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, карыстаецца дзяржаўнай беларускай мовай, таго, хто бярэ курс на дэмакратычнае, еўрапейскае развіццё нашай краіны, на тых кандыдатаў, якія будуць абапірацца на ўласны народ і дэманстраваць сваю павагу і пашану да нашых нацыянальных сімвалаў і да нашых дзяржаўных традыцый.
Напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты кампаніі 2020 года, сакратарыят Таварыства беларускай мовы выдаў зварот.
„Паважаныя суайчыннікі! Набірае моц чарговая прэзідэнцкая кампанія. Мы зноў звяртаем Вашу ўвагу на галоўную прыкмету нашай нацыі і незалежнасці – беларускую мову. Кіраўнікі дзяржавы прыходзяць і адыходзяць. А пакуль жыве беларуская мова – жыве і наш народ, жыве і наша краіна. Знікне мова – не стане ні народа, ні дзяржавы. Таму мы заклікаем усіх выбаршчыкаў галасаваць за тых кандыдатаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і хто ўключыць у свае праграмы наступныя пункты:
1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
2. Падтрымаць дзейнасць універсітэта імя Ніла Гілевіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.
3. У кожным раённым цэнтры, а таксама ва ўсіх раёнах абласных гарадоў і г. Менска адкрываць новыя школы і гімназіі з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.
4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.
5. Забяспечыць вяшчанне на дзяржаўнай беларускай мове першага беларускага тэлеканала (БТ-1).
6. Усе дзяржаўныя раённыя і абласныя газеты павінны друкавацца па-беларуску не менш, чым 50% тэкстаў у кожным нумары. Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і паспяховае развіццё Беларусі.”
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
