ТБМ плануе пачаць рэгістрацыю ўніверсітэта „Альбарутэнія” ў снежні



У пачатку снежня грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) плануе падаць у Менгарвыканкам дакументы на рэгістрацыю назвы стваранай прыватнай ВНУ з беларускай мовай навучання — універсітэта „Альбарутэнія”. Пра гэта паведаміў ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў па выніках канферэнцыі, прысвечанай стварэнню нацыянальнага ўніверсітэта, якая праходзіла 25—26 лістапада ў Менску.

Пакуль улады Менска будуць рэгістраваць назву, мы дапрацуем статут універсітэта, — сказаў ён. — Цяпер наш юрыст працуе над ужо распрацаваным статутам, прыводзіць яго ў адпаведнасць з цяперашнім заканадаўствам. Справа ў тым, што ў наш статут закладзена шмат норм еўрапейскіх універсітэтаў і не заўсёды гэтыя нормы суадносяцца з патрабаваннямі нашай дзяржавы. Мы стараемся зрабіць так, каб прэтэнзій з боку ўлады не было„.

Потым будзе самае складанае — атрыманне ліцэнзіі ў Міністэрстве адукацыі, гэта можа доўжыцца вельмі доўга. Толькі пасля атрымання ліцэнзіі мы зможам шукаць грошы, арандаваць памяшканні„, — дадаў Трусаў.

Паводле яго слоў, адно з асноўных патрабаванняў, выкананне якога неабходнае для атрымання ліцэнзіі, заключаецца ў тым, „каб у прафесарска-выкладчыцкім складзе было 25—30% прафесараў і дацэнтаў”. „Але канферэнцыя паказала, што ўжо цяпер у нас можа іх набрацца больш за палову ўсяго выкладчыцкага складу. А наогул, па маіх падліках, ёсць каля 500 выкладчыкаў, якія выкладаюць па-беларуску. Мы арганізуем адбор, будзе канкурэнцыя. На кожную пасаду загадчыка кафедры правядзем нармальны конкурс па еўрапейскіх традыцыях”, — сказаў ганаровы кіраўнік ТБМ.

Калі ўлады не захочуць легалізаваць „Альбарутэнію”, універсітэт пачне працаваць у рэжыме віртуальнай ВНУ, адзначыў Трусаў. У той жа час ён сумняваецца, што дзяржава пойдзе на адкрытую канфрантацыю і адмовіцца рэгістраваць прыватную ВНУ, бо інакш „не стала б выдзяляць памяшканне для аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта”.

„Цяпер наша ўлада падзелена — палова выступае за анексію, далучэнне Беларусі да Расеі, а другая палова — за незалежнасць. Там ідзе жорсткае супрацьстаянне, і мы не ведаем, якая фракцыя пераможа сёння ці заўтра. Але ў выніку мы ўсё роўна пераможам, бо сітуацыя у Расеі з кожным днём пагаршаецца з-за таго, што яна пачала акупацыю і вайну, яе акцыі ў свеце страчаныя”, — падкрэсліў Трусаў.

БелаПАН