ТБМ распрацавала канцэпцыю законапраекта ў абарону беларускай мовы
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” распрацавала канцэпцыю законапраекта „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”. У дакуменце замацаваны абавязак дзяржавы спрыяць павышэнню моўнай культуры грамадзян, ствараць умовы для захавання дыялектаў, помнікаў пісьменства беларускага народа.
Каментуе ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў:
– Калі кіраўнік краіны адмаўляецца публічна выкарыстоўваць беларускую мову, то ўзнікаюць пытанні. Тым больш, што ён ужо столькі нагаварыў у абарону беларускай мовы. У нас ёсць 25 цытат пра тое, як трэба любіць мову. І зараз кіраўнік краіны як і суддзя, вось хачу – гавару па-беларуску, хачу – не гавару, ніхто не прымусіць. Калі мы прымаем гэты закон, то ён павінен хаця б частку сваіх прамоў, пажадана палову, рабіць па-беларуску.
Згодна з канцэпцыяй законапраекта, беларуская мова з’яўляецца атрыбутам беларускай нацыянальнай адметнасці; гарантыяй нацыянальнай тоеснасці і фактарам яднання беларускага народу.
Поўны тэкст дакумента апублікаваны на сайце ТБМ.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя