Лідская арганізацыя ТБМ адзначыла 30-годдзе (абноўлена)



Лідская арганізацыя Таварыства беларускай мовы адзначыла 30-годдзе з дня яе заснавання. У дзіцячай школе мастацтваў адбылася з гэтай нагоды ўрачыстая музыкальна-паэтычная імпрэза. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі мастацкія самадзейныя калектывы, прадстаўнікі польскіх і ўкраінскіх культурніцкіх суполак, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў. Сталую і плённую супрацу з органамі ўлады асабліва адзначыў кіраўнік Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік:

– Свята прайшло, можна сказаць, на дзяржаўным узроўні. Гарадскія ўлада выдзялілі памяшканне, выдзялілі мастацкія калектывы, прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных структур – і ад аддзела ідэалогіі, і ад аддзела культуры – працаваць сумесна дзеля адраджэння нашай мовы, нашай культуры, нашай спадчыны. І беларуская дзяржава мусіць быць найперш самым галоўным саюзнікам Таварыства беларускай мовы.

Таксама да віншаванняў лідскіх юбіляраў са сваімі арыгінальнымі падарункамі далучыліся прадстаўнікі суполак ТБМ з Гародні, са Слоніма, Дзятлава і Слуцка, а таксама старшыня рэспубліканскай арганізацыі Алена Анісім.

***

У аўторак, 17 снежня, Лідская арганізацыя ТБМ імя Францыска Скарыны амаль на агульнабеларускім роўні адзначыла сваё 30-годдзе. Вечарына адбылася на сцэне Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.

Дзве гадзіны гледачоў, якія завіталі на юбілейнае мерапрыемства, радавалі мясцовыя калектывы «Лідчанка», «Вербіца», «Смерічка» і «Талер». Песні, прысвечаныя роднай мове і Беларусі, спявалі Сяржук Чарняк, Уладзімір Хільмановіч, Алесь Мацкевіч. Найвыдатнейшы дэкламатар паэтычных твораў, сапраўдны артыст Алег Лазоўскі чытаў вершы Багушэвіча і Купалы.

Шчырыя словы ў адрас Лідскай раённай арганізацыі ТБМ імя Францыска Скарыны казалі не толькі землякі, але і кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Алена Анісім, кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, намеснік старшыні рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і шматлікія іншыя. Шчыра віншавалі з юбілеем сяброў ТБМ з Ліды прывезлі сябры ТБМ са Слуцка, Слоніма, Дзятлава, Гародні.

Падчас вечарыны быў паказаны невялікі фільм пра перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні. Падчас фільма гучаў гімн на словы Максіма Багдановіча «Пагоня». Зала вітала гімн стоячы і апладысментамі.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара