ТБМ запусціла сайт прыватнага ўніверсітэта
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” запусціла сайт заснаванага ім прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча — nhu.by.
Пакуль сайт знаходзіцца ў стадыі напаўнення. На гэты момант інтэрнэт-карыстальнікі могуць азнаёміцца з гісторыяй стварэння ВНУ, яе акадэмічным профілем, а таксама пакінуць заяўку на навучанне або выказаць жаданне выкладаць ва ўніверсітэце. Таксама праз сайт можна даведацца, як фінансава падтрымаць універсітэт або прапанаваць валанцёрскую дапамогу.
Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ ТБМ пачало летась. У канцы верасня Менгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне ТБМ і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта.
Паводле статута, навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях. Для пачатку заснавальнікі ВНУ паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на навучанне студэнтаў па 6—10 найбольш актуальных спецыяльнасцях. Неабходныя для гэтага дакументы плануецца падаць у Міністэрства адукацыі на працягу лета.
Яшчэ да атрымання ліцэнзіі ва ўніверсітэце адкрыюць падрыхтоўчыя курсы па беларускай і замежных мовах, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве. Чакаецца, што падрыхтоўка слухачоў пачнецца ў канцы верасня.
Ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча гісторык Алег Трусаў раней паведамляў, што на функцыянаванне ўніверсітэта неабходна ад 1 млн даляраў у першы час працы ВНУ да 7-8 млн даляраў за год, калі пачнецца навучанне па ўсіх заяўленых у статуце спецыяльнасцях. Асноўную частку сродкаў заснавальнікі ВНУ разлічваюць атрымаць ад беларускіх і замежных спонсараў, праз розныя міжнародныя адукацыйныя праграмы, праекты Усходняга партнёрства ЕЗ.
