Тэхагляд не трэба будзе праходзіць паўторна пры змене ўладальніка аўто



У палажэнне аб парадку правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартных сродкаў і іх допуску да ўдзелу ў дарожным руху ўнесены шэраг зменаў і дапаўненняў.

Як паведамляе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, адпаведную пастанову — № 933 — прыняў 6 снежня Савет міністраў. Дакументам скарэкціраваны пералік выпадкаў, пры якіх работнік УП „Белтэхагляд” пераносіць адзнаку ў дакумент (сертыфікат) аб праходжанні дзяржтэхагляду.

Так, адзнака пераносіцца пры ўнясенні змяненняў у пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (тэхпашпарт); выдачы дубліката пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку; выдачы новага дакумента (сертыфіката) аб праходжанні дзяржтэхагляду; дзяржрэгістрацыі транспартнага сродку новым уласнікам у перыяд дзеяння дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Асноўная ўмова для пераносу гэтай адзнакі — пацвярджэнне факту выдачы дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Пастанова набудзе моц 1 студзеня 2018 года.

belapan.by