Тэлеграм-чат „Ліда для жыцця ЧАТ” прызнаны экстрэмісцкім



Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-чата „Ліда для жыцця ЧАТ” прызнаная экстрэмісцкай, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.

„Пракуратура Лідскага раёна прааналізавала размешчаныя ў тэлеграм-чаце „Ліда для жыцця ЧАТ” інфармацыйныя паведамленні, — адзначае прэс-служба. — Як устаноўлена, у іх утрымліваліся заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці: блакавання руху на аўтамабільных дарогах, хуліганскіх дзеянняў, актаў вандалізму, супраціву супрацоўнікам міліцыі, знішчэння і пашкоджання іх маёмасці ў мэтах перашкоды іх законнай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовых абавязкаў, а таксама каментары з абразамі і пагрозамі на адрас прадстаўнікоў праваахоўнага блока і дзяржаўных служачых, членаў іх сем’яў”.

Доступ да згаданага інфармацыйнага рэсурсу мог атрымаць кожны без перашкод і абмежаванняў праз інтэрнэт і мэсэнджар „Тэлеграм”, падкрэсліваецца ў паведамленні.

На думку пракуратуры, адміністрацыя чата „захадаў да прадухілення публікацый экстрэмісцкай скіраванасці не рабіла”.

„На падставе закона Рэспублікі Беларусь „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” пракурор Лідскага раёна звярнуўся ў суд з заявай аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі тэлеграм-чата з назвай „Ліда для жыцця ЧАТ” экстрэмісцкай, — гаворыцца ў паведамленні. — Суд Лідскага раёна задаволіў заяву пракурора ў поўным аб’ёме і дапусціў неадкладнае выкананне рашэння. Яго копія накіраваная ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, якія спрыяюць распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Генпракуратура папярэджвае, што цяпер „апублікаванне або размяшчэнне, у тым ліку спосабам рэпосту, інфармацыі з тэлеграм-чата „Ліда для жыцця ЧАТ” цягне за сабой наступленне адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КоАП”.

belapan.by