Тэлеграм-канал «Кіберпартызаны» і чат «Кіберзлівы» прызнаныя экстрэмісцкім фарміраваннем
МУС прызнала тэлеграм-канал «Кіберпартызаны» і тэлеграм-чат «Кіберзлівы» экстрэмісцкім фарміраваннем.

Вядома, што група асобаў, якія называюць сябе «кібэрпартызанамі», атрымала доступ да закрытых баз і запісаў тэлефонных размоў сілавікоў і цяпер публікуе іх у інтэрнэце.
Камэнтуе палітычны аналітык Валер Карбалевіч:
– Псіхалагічны ціск на тых людзей, размовы якіх выкінулі ў сацыяльныя сеткі ў інтэрнэт, гэта відавочна непрыемна, тым больш што яны гавораць вельмі непрыемныя рэчы, гавораць лаянкай, абгаворваюць якіхсьці трэціх асобаў. Усё гэта, зразумела, непрыемна і ўсё гэта стварае пэўнае напружанне і аказвае пэўны ціск на сілавыя структуры, але не больш за тое.
Раней экстрэмісцкімі фарміраваннямі былі прызнаныя «Дружыны народнай самаабароны — ДНС» і тэлеграм-чат «ДНС чат», «Буслы ляцяць», іх чат, партал, які размяшчаў карту дваровых чатаў, і ініцыятыва «Рабочы рух».
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
