Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі разам з жонкай Кацярынай Раецкай з’ехалі з Беларусі



Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі і яго жонка Кацярына Раецкая пакінулі краіну — хутка, без тэлефона, ноўтбука, развітальнай запіскі, «і без плана»…

Фота з Instagram Кацярыны Раецкай

Пра гэта Кацярына Раецкая паведаміла ў сваім Instagram. Відаць, яны перабраліся ў Кіеў.

„7 чэрвеня я магла б ехаць на могілкі да бацькі, які памёр роўна год таму, але замест гэтага я складаю ўсё сваё жыццё ў адну валізку і тэрмінова з’язджаю з дому”, — напісала яна.

2 чэрвеня дадому да Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі ДФР, а Дзяніса забіралі на допыт.

Кацярына Раецкая напісала, што з’язджалі хутка: без тэлефона, “ у якім усё жыццё”, ноўтбука, працоўных дакументаў, банкаўскіх карт… „За 29 гадоў не думала пра ад’езд і заўсёды ўпэўнена казала, што я застаюся жыць у Беларусі, каб свае сілы і таленты ўкладваць у яе. Але, высвятляецца, самае самае сур’ёзнае рашэнне ў жыцці можна прыняць за палову дня… Цяпер я не магу жыць дома, але, спадзяюся, толькі часова”.

novychas.by