Тэма першага ўрока: радок з верша Янкі Купалы „Маладая Беларусь”
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, у 2019 годзе плануецца правесці ў панядзелак, 2 верасня. Тэмай першага ўрока стане радок з верша Янкі Купалы „Маладая Беларусь” – „Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Плануецца, што ў новым навучальным годзе вучыцца пачнуць 1 млн 30 тыс. школьнікаў, у тым ліку 115 тыс. першакласнікаў. Усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны педагагічнымі кадрамі. У 2019 годзе на работу сюды накіравана 4,3 тыс. маладых спецыялістаў.
Да новага навучальнага года ў Беларусі расчыняць дзверы восем школ-новабудоўляў на амаль 7,3 тыс. месцаў. У іх ліку дзве ў Менску – адна ў Першамайскім раёне (СШ нумар 93 на 792 месцы, другая – у Фрунзенскім (СШ нумар 2 на 1020 месцаў).
Аднак навучацца па-беларуску ў гарадах Беларусі па-ранейшаму будуць адзінкавыя вучні, пераважна ў Менску.