Тэма сёлетняга Дня здароўя: пераможам цукрыцу! (абноўлена)



Беларусь далучылася да Сусветнага дня здароўя, які міжнародная супольнасць штогод праводзіць 7 красавіка. Сёлета тэма Дня здароўя: пераможам цукрыцу! У Беларусі ў акцыі традыцыйна прымаюць удзел навучальныя і спартовыя ўстановы. Па ўсёй краіне ладзяцца спаборніцтвы. Акрамя таго робяцца і іншыя захады – так у Баранавічах гарвыканкам абмежаваў продаж спіртнога, праўда, толькі на палову дня. На пытанне: Як вы ставіцеся да актыўнага ладу жыцця і ці займаецеся спортам? – адказваюць пінчукі:

– Я раней займалася плаваннем, але цяпер, улічваючы маю занятасць, у мяне не атрымліваецца. Бегаю час ад часу.

– Калісьці займаўся. Цяпер – не. Часу вольнага няма. Мне падабаецца. Я думаю гэта карысна для здароўя, а таксама добра для баўлення часу.

– Штодзённая зарадка.

– Увогуле я плаваннем люблю займацца. 

У Менску з нагоды Сусветнага дня здароўя ва ўсіх буйных гандлёвых кропках сёння працуюць адмыслоўныя медычныя цэнтры. Там можна атрымаць бясплатную кансультуцыю і прайсці тэст на цукрыцу.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Сусветны дзень здароўя прымеркаваны да ўзнікнення Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў 1948 годзе. Сёлета тэмай гэтага дня з’яўляецца прафілактыка цукрыцы. Цягам апошніх некалькіх дзясяткаў гадоў ва ўсім свеце назіраецца эпідэмія гэтага захворвання, – адзначыла намеснік галоўнага санітарнага лекара горада Берасця і Берасцейскага раёну Яўгенія Уткіна:

– Прычынная смяротнасць ад цукрыцы з’яўляецца на лідзіруючых пазіцыях, гэтак сама як сардэчна-сасудзістыя захворванні. Гэта захворванне падаецца лекаванню і карэкцыі, таму галоўная тэма Дня здароўя з’яўляецца прафілактыка гэтага захворвання на ранніх стадыях. Цукрыца вядомая даўно. На сённяшні дзень выяўленыя два тыпы цукрыцы.

Першы тып адрозніваецца тым, што неабходны прыём інсуліна, для таго, каб клеткі маглі ўсвойваць глюкозу, якая трапляе да арганізму, – падкрэсліла Яўгенія Уткіна. Са словаў спецыяліста, для другога тыпы цукрыцы інсулін не патрэбны, аднак звязана захворванне з тым, што свайго інсуліну, які выпрацоўваецца, арганізму не дастаткова. Галоўная прычына захворвання – гэта нездаровы лад жыцця, нерацыянальнае харчаванне і малая фізічная актыўнасць.

Беларускае Радыё Рацыя