Тэрмін прызыўной кампаніі прадоўжаны
Тэрміны цяперашняй прызыўной кампаніі і адпраўкі грамадзян у войскі прадоўжаны да 1 студзеня 2021 года ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай, паведаміў кансультант аддзела прызыву галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Андрэй Мурашоў. Яго каментарый у сваім тэлеграм-канале апублікавала прэс-служба Міністэрства абароны.
„Не ўсе прызыўнікі паспелі прайсці медыцынскі агляд: многія лячэбныя ўстановы былі перапрафіляваныя для барацьбы з COVID-19, у сувязі з гэтым абследаванні, кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў для грамадзян адкладваліся і пераносіліся, — растлумачыў прадстаўнік Генштаба УС. — Гэты працэс неабходна завяршыць. Ёсць і пэўная колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі прынятыя рашэнні прызыўных камісій аб прызыве, аднак яны захварэлі і падалі ў ваенныя камісарыяты лісткі непрацаздольнасці, некаторыя знаходзіліся на самаізаляцыі. Вядома, адпраўка ў войскі для гэтых грамадзян адклалася”.
„За гэтыя два тыдні мы плануем завяршыць прызыўныя мерапрыемствы і накіраваць у войскі грамадзян, для якіх гэты працэс па тых ці іншых прычынах зацягнуўся. Агульная колькасць грамадзян, якія будуць прызваныя на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, устаноўлена раней указам № 297, яна не змянілася. Усе мерапрыемствы прызыву і адпраўкі будуць праходзіць планава. У войсках вайскоўцы новага папаўнення прынясуць Ваенную прысягу. Тэрмін службы для іх будзе вылічацца, як і для ўсіх, з дня адпраўкі ў войска”, — дадаў Мурашоў.
Як паведамлялася, 18 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 469, якім унёс карэктывы ва ўказ № 297 ад 3 жніўня „Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”. Калі першапачатковы дакумент прадпісваў завяршыць прызыў 30 лістапада, то новым тэрміны прадоўжаныя да 1 студзеня 2021 года.
„Гэта дазволіць з улікам неспрыяльнай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі забяспечыць Узброеныя сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні асабовым складам з ліку новага папаўнення ў межах колькасці, устаноўленай раней указам № 297”, — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі.
Варта адзначыць, што колькасць прызыўнікоў указана ў дадатку „для службовага карыстання”.
