Тэрміны адключэння гарачай вады скароцяць да 13 дзён



З 2021 года тэрміны адключэння гарачага водазабеспячэння скарачаюцца да 13 дзён, паведаміў 22 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар установы „Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд” Аляксандр Азярэц.

Паводле яго слоў, такая норма закладзеная ў новыя правілы падрыхтоўкі арганізацый да ацяпляльнага сезона, зацверджаныя пастановай Савета міністраў № 286. „Устаноўлена, што максімальны тэрмін адключэння гарачай вады для насельніцтва з 2021 года павінен складаць не больш за 13 дзён. Сёлета пакуль застаецца 14 дзён”, — сказаў Азярэц.

Правіламі таксама змененыя тэрміны распрацоўкі арганізацыяй планаў арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў падрыхтоўкі да працы ў восеньска-зімовы перыяд да 15 чэрвеня (раней тэрмін быў да 1 мая). У правілах „больш карэктна і падрабязна пералічаныя віды работ і патрабаванні да іх выканання”.

Акрамя гэтага, адзначыў гендырэктар дзяржустановы, змены закранулі падрыхтоўку і падпісанне пашпартоў гатоўнасці. „Гэтыя змены абумоўленыя неабходнасцю зніжэння колькасці адміністрацыйных працэдур у дачыненні да суб’ектаў малога бізнесу”, — растлумачыў Азярэц.

Паводле яго інфармацыі, з 1 кастрычніка рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці праводзіцца не будзе. Па стане на сёння пашпарты гатоўнасці павінны атрымаць 28.731 спажывец цеплавой энергіі і 10.579 ведамасных цеплакрыніц, паведаміў гендырэктар. Ужо атрымалі пашпарты гатоўнасці больш за 8% спажыўцоў цеплавой энергіі і больш за 6% цеплакрыніц.

Згодна са словамі Азярца, унесеныя змены і ў структуру чарговасці ўключэння ацяплення. Так, у першую чаргу (сацыяльныя аб’екты) уключаныя гасцініцы, а другая чарга дапоўненая тэатрамі і агульнагарадскімі лазнямі.

„Прыняцце гэтага дакумента скіраванае на ўдасканаленне дзяржаўнага рэгулявання пры падрыхтоўцы да ўстойлівай і надзейнай працы цеплакрыніц, цеплавых сетак і сістэм цепласпажывання ва ўмовах нізкіх тэмператур вонкавага паветра”, — адзначыў ён.

belapan.by