Тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць



У сёмую гадавіну Плошчы-2010 журналіст-праваабаронца Юры Шпак-Рыжкаў (апошнім часам больш вядомы пад блогерскім псэўданімам Юрась Навіцкі) апублікаваў «зборнік турэмных дзённікаў з малюнкамі і дадаткамі» «Як гартавалась сталь: перазагрузка». Марыля Міхальчык пагутарыла з аўтарам пра яго новую кніжку, якая намініравалася сёлета на прэмію Францішка Аляхновіча.

Цягам года 2010-2011 Юрась Навіцкі за валанцёрскую журналісцка-праваабарончую дзейнасць быў пазбаўлены прэміяльных і звольнены з фармулёўкай «за прагулы» (прагуламі дзяржаўны прафсаюз палічыў два дні працы Юрася сябрам выбарчай камісіі на выбарах Прэзыдэнта РБ-2010, калі той знайшоў у працы камісіі мноства парушэнняў і паведаміў пра іх назіральнікам і прадстаўнікам місіі АБСЕ, што выклікала вялікі розгалас у дзяржаўных і незалежных СМІ), быў аштрафаваны, адбыў на галадоўках тры арышты ў розных турмах, быў пастаўлены на ўлік і на год – пад надзор з невыездам.

Спадар Юрась, што натхніла вас на напісанне кніжкі?

Сёлета мы з Таццянай Грачанікавай, маёй жонкай і каляжанкай, адзначаем 20-годдзе валянцёрскай журналісцка-праваабаронцай дзейнасці. Менавіта 20 гадоў таму мы ўступілі ў шэраг праваабарончых арганізацыяў, агульнымі сходамі былі абраныя на кіраўнікоў суполак Свабоднага прафсаюзу Беларускага, сталі карэспандэнтамі некалькіх СМІ. Гэная кніжка прысвячаецца Таццяне і без яе ніколі б не была напісаная. Кніжка складаецца з некалькіх турэмных дзённікоў, аздобленых некалькімі сотнямі турэмных малюнкоў і фота, якія прайшлі праз турму пасля сумнавядомых падзеяў Плошчы-2010.

Як даўно вы пачалі маляваць свае «пэйнт-рэпартажы»?

Першы – у 2000-ым, калі супрацоўнікі міліцыі і агенты ў цывільным здзейснілі напад на чальцоў Вольнага прафзвязу, з мэтаю не дапусціць іхнага ўдзелу ў першамайскай дэманстрацыі працоўных. Тады мне і рэдактару нашай газеты былі зламаныя камэры. Супрацоўнікі ўнутраных спраў меліся адабраць у прафзвязоўцоў транспаранты і сцягі, маючыя рэгістрацыю Мінюста. Адну са сцэнаў вы бачыце на першым малюнку. На другім – адзін з судоў над Нінай Багінскай (2013), калі міліцыянты і суддзя Мотыль забаранілі мне фатаграфаваць. А тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць, таму я і зрабіў гэны малюнок падчас судовага паседжання. Ілюстрацыі да рэпартажаў за 20 гадоў даводзілася рабіць вельмі часта.

Так атрымалася, што вы сталі заснавальнікам адразу двух новых жанраў, «турэмны пэйнт-рэпартаж» і «судовы пэйнт-рэпартаж».

Іх абодва можна, напэўна, аб’яднаць у адзін – «турэмны пэйнт-рэпортаж» ці «турэмны дзённік з малюнкамі». Гэта сапраўды новы жанр. Насамрэч, абсалютная большасць так званых «турэмных дзённікоў», апублікаваных у СМІ і атрымаўшыя мноства розных узнагародаў, напісаныя былі праз многія дні, тыдні, месяцы і нават годы (нядаўні прыклад – «турэмны дзённік», напісаны праз шэсць гадоў пасля вызвалення), а многія «турэмныя творы» – нават людзьмі, якія турмы і не бачылі. Уявіце, якой бы была кніжка, калі б я, заўсёдны выдатнік па сачыненнях (якія нават бралі на выставы), пісаў яго пасля турмы –  «Граф Монтэ-Крыста» б выйшаў. Сапраўдны турэмны дзённік – гэна твор, напісаны менавіта ў турэмнай камеры, таму ён вельмі сціслы.

Вы атрымлівалі мастацкую адукацыю, вашы малюнкі атрымалі прызнанне, выстаўляліся?

Я атрымліваў гістарычную, журналісцкую, праваабарончую адукацыі. На мастака не вучыўся, але мае малюнкі бралі на выставы яшчэ са школы, таксама маляваў ў школьных газэтах.

Вы напэўна, са школы былі камсамольскім актывістам?

Прафзьвязовым. У камсамол я ўступаць катэгарычна адмовіўся. Потым я маляваў для сябе, для газэтаў, дасылаў на «Свабоду» лісты, здымкі і малюнкі. Атрымліваў прызы і прымусіў, нарэшце, «Свабоду» наняць на працу мастака-карыкатурыста. Мае малюнкі перамагалі ў шэрагу конкурсоў, напрыклад, кампаніі «Сыходзь!», у конкурсе ў межах прэміі імя Васіля Быкава (Быкаў таксама маляваў, дарэчы), пабывалі на васьмі выставах, у тым ліку, асабістых, двойчы ў Менску, Бруселі, Празе. Кіеве, Варшаве, Тбілісі. Сотні малюнкоў публіваваліся ў інтэрнэце, ладзіліся віртуальныя выставы. Турэмныя дзёньнікі з малюнкамі, напісаныя мовай Аляхновіча, якія я дасылаў на «Свабоду», натхнілі рэдакцыю заснаваць прэмію ў ягоны – і мой – гонар (Аляхновіч таксама крыху маляваў і напісаў адзін самых вядомых турэмных дзённікаў).

Але зараз вашы малюнкі неактуальныя, у інтэрнэце хапае фотарэпартажаў з турмаў.

Давайце-такі танчыць ад печкі. Менавіта пасля публікацыяў у 2010-2012 маіх турэмных дзённікоў з малюнкамі і прафесійнымі апісаннямі ўмоваў утрымання ў розных турмах, дзясяткоў скаргаў у надзорныя інстанцыі, у жодзінскую Т-8, у «Акрэсціна», іншыя турмы паехалі, нарэшце, шматлікія дзяржаўныя камісіі, каб абвергнуць тыя факты, якія я апісваў. Пачалі ладзіцца цэлыя «эшэлоны» для СМІ, якія наперабой распавядалі, як добра насамрэч жывецца беларускім вязням. Не будзь маіх дзённікоў, і дасюль бы ні было ніводнай фоткі ў БелаПАНу ці ТУТБАЙ. Нарэшце зачынілі на рамонт «акрэсцінскую» катавальню. А «турэмныя экскурсіі» для школьнікоў, навучэнцоў і студэнтоў ладзяцца і па сёньня.

І апошняе пытанне: чаму назва кніжкі менавіта «Як гартавалась сталь: перазагрузка»? Вы гартаваліся турмой?

Мяне гартавалі ў 90-я. Было ўсяго: дзясяткі затрыманняў, штрафоў, арыштоў, былі збіцці і катаванні. Вешалі на кайданках, круцілі дротам «ластаўку», душылі брудным матрацам. Цяпер энкавэдэшнікі-кагэбістыя загартоўваюць моладзь, якая таксама ёсць героем кніжкі. Вось загартуюць напоўную, і моладзь пераможа савецка-расейскіх тэрмінатароў. І стары кіборг Навіцкі спатрэбіцца яшчэ не раз.

Інтэрв’ю падрыхтавала Марыля Міхальчык.