Толькі кожны дзясяты заплаціў падатак “за дармаедства”



Па стане на 7 лютага падатковыя органы Беларусі накіравалі грамадзянам прыблізна 470 тыс. паведамленняў на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Заплацілі збор 44,5 тыс. грамадзян, у бюджэт паступіла больш за 13,4 млн рублёў, паведамляе Міністэрства па падатках і зборах.

У МПЗ нагадваюць, што тэрмін выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў за 2015 год заканчваецца 20 лютага 2017 года. Грамадзянін, які атрымаў паведамленне на выплату збору, мае права падаць у падатковы орган дакументы або тлумачэнні, якія сведчаць пра адсутнасць у яго абавязку па выплаце збору.

Праінфармаваць падатковы орган пра сваё права на вызваленне ад выплаты збору можна шляхам накіравання ў інспекцыю растлумачэнняў і дакументаў па пошце ці ў электронным выглядзе, скарыстаўшыся сэрвісам „Электронны зварот” на сайце міністэрства www.nalog.gov.by/ru/obraschenie_grazdan_ru.

Паводле вынікаў разгляду пададзеных растлумачэнняў або дакументаў падатковы орган выносіць адно з наступных рашэнняў: аб пацвярджэнні раней уручанага паведамлення; аб унясенні зменаў у паведамленне (напрыклад, змяншэнне сумы збору на суму выплачанага падаходнага падатку); аб ануляванні паведамлення.

У МПЗ удакладняюць, што фізічная асоба мае права звярнуцца ў мясцовы савет дэпутатаў або мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (калі савет дэпутатаў дэлегаваў яму права вызваляць ад выплаты збору) з заявай на вызваленне ад выплаты збору за 2015 год у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пад такой сітуацыяй разумеецца аб’ектыўная акалічнасць (сукупнасць акалічнасцяў), што не залежыць ад грамадзяніна, якую ён не можа пераадолець за кошт наяўных магчымасцяў.

Як паведамлялася раней, шэраг апазіцыйных партый і арганізацый арганізавалі збор подпісаў за адмену дэкрэта „аб дармаедах”. 17 лютага і 15 сакавіка ў Мінску і іншых гарадах плануюцца вулічныя акцыі з аналагічным патрабаваннем.

Між тым, на думку Аляксандра Лукашэнкі, дэкрэтам „аб дармаедах” абурылася невялікая частка насельніцтва і адмяняць дакумент не варта. „Лічу, што няма падстаў сёння далей раскручваць гэтую тэму. Гэты дэкрэт працуе гады тры. Давайце пажывем. Калі мы ўжо з вамі прыйдзем да адной непахіснай высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбен, мы яго адменім. Не спяшаецеся. Магчыма, ён яшчэ шмат чаго карыснага прыўнясе ў наша жыццё”, — заявіў Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы з журналістамі.

БелаПАН