Толькі прыезд аўталаўкі варушыць іх жыццё



Прыезд аўталаўкі – асноўная значная падзея ў вёсцы Праходы, што на Глыбоччыне. У аддаленай ад горада вёсцы дажываюць свой век 9 жыхароў, з іх толькі два мужчыны, і тыя сталага ўзросту. А калісьці там былі 43 жылыя дамы, у вёсцы кіпела жыццё. Цяпер жылых хат – сем.

Па словах вяскоўцаў, амаль кожны іх дзень нагадвае папярэдні. У вёсцы даўно ўжо не ладзяцца святы, сюды не ходзіць аўтобус. Толькі аўталаўка, якая заязджае два разы на тыдзень, варушыць вясковае жыццё.

Асартымент аўталаўкі нядрэнны, вось толькі добрага віна “Кагор” там няма, – заўважаюць вяскоўцы. – Цяперашняя прадавачка стараецца, прывозіць шмат чаго. Перш была такая, што не надта хацела вазіць. Можа, ёй і не давалі вялікі асартымент тавару, яна ўжо да пенсіі дарабляла”.

У асноўным людзі куплюць малако, хлеб батон, тварог, смятану, каўбасу ды іншыя прадукты. Цяпер кароў ніхто не трымае, няма на гэта ў жанчын здароўя, ды і ў вёсцы толькі два мужчыны. Як жартуюць жанчыны, ніхто з іншых мужчын да іх на вёску не хоча ісці. Жанчыны бядуюць, што як памруць, нават ямы няма каму будзе ім капаць.

Як зазначае адна кабета, бяруць тавар па сваіх грашах, бо пенсія тут у людзей каля 300 рублеў – у каго менш, а ў каго крыху і больш. Некаторыя жанчыны эканомяць, бо, як яны кажуць, трэба яшчэ дапамагаць унукам ды хворым сваякам.

Застаўшыся адны, жанчыны скардзяцца на тое, што няма каму нават і абкасіць хаты. Мужчын няма. Калі патэлефанавалі ў Карабоўскі сельсавет, то там адказалі, што ў іх няма людзей ды і грошай, каб аказаць ім такую паслугу. Вяскоўцы ўжо і не спадзяюцца на тое, што ім абкосяць іх зарослыя хаты. Кажуць, што будуць сядзець зарослыя, як ваўкі.

Вёска Праходы – каталіцкая. Але ў касцёл жанчыны не ездзяць, няма аўтобуса ды і сілаў. Да іх прыязджае малады ксёндз з Дзеркаўшчыны Андрэй Кулік, каб іх паспавядаць. Да таго ж яны чытаюць “ксёнжкі” з малітвамі, у тым ліку і ад розных хваробаў, якія ім засталіся яшчэ ад бацькоў.

У Праходах жывуць людзі, якім ужо даўна за 70. Старажыле вёскі – Вандзе Манчынскай – ужо 91 год. Больш за 30 гадоў яна жыве адна. Але і дагэтуль пад рыдлёўку садзіць сама агарод, лечыць людзей зёлкамі і малітвамі. Дапамагае нават гароднінай і грашыма сваім родным.

Шмат у каго з праходцаў жывуць дзеці ў вялікіх гарадах, у адной жанчыны нават – у Маскве. Але да дзяцей яны ехаць не хочуць ды і ў дамы састарэлых таксама. Кажуць, што пакуль могуць сябе даглядаць, будуць жыць у сваёй роднай вёсцы. Бо тут іх радзіма, прыгожыя краявіды ды і пачуваюць яны сябе тут вольнымі людзьмі.

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі