Традыцыі падпольнага друку ў Воршы



Аршанская друкарня мае даўнія традыцыі друкавання падпольнай літаратуры. У часы Другой сусветнай вайны тут, рызыкуючы жыццём, друкавалі антыфашысцкія ўлёткі, працягнулася традыцыя і ў часы беларусага Адраджэння 80-ых гадоў 20-га стагоддзя, а таксама – у 90-ых гадах.   

Аршанская друкарня. У 1995 годзе ў Воршы друкавалі газету “Свабода”.    

Сяргей Горбік напрыканцы 80-ыях гадоў разам са сваім сябрам фатографам Алесем Жынкіным займаліся выданнем і перавыданнем беларускай літаратуры, якая была забаронена ў СССР. Магчымасць для друку яны знайшлі ў Аршанскай друкарні.

Гаворыць Сяргей Горбік:    

“У Воршы багата друкавалася незалежнай прэсы ў 1988-1991. Нават кніжкі друкаваліся. Напрыклад,  малітоўнік “Голас Душы”, а таксама адзін з нумароў часопіса “Унія”, які ўсе адмаўляліся друкаваць. І яшчэ 200 асобнікаў „Айцы БССР і іхні лёс” на зяленай паперы, такія страшныя. я іх потым распаўсюдзіў на “Талаце”. Я так разумею, што быў пачатак крызісу, і дзяржава ўжо не забяспечвала нармальныя заробкі ў друкарні, але „заплюшчвала вочы” на „левыя” замоўленні. А ў нас выхадных дадзеных не было, я так думаю, што „ворганы” на Прыбалтыку грашылі. Калі наогул гэтымі кніжкамі цікавіліся. Кнігі, якія, апрача вышэйназваных былі там памножаны невялікімі накладамі: „Айцы БССР; макет з фотакопіі каталіцкага малітоўніка „Голас Душы” лацінкаю, некалькі нумароў беларускамоўнага варыянта газеты „Беларуская трыбуна” ды інш”.

Антон Луцкевіч “За дваццаць пяць гадоў” (1903-1928) – адна з  кніг, якая была зроблена ў  друкарні, верасень 1988 г.

Гаворыць Сяргей Горбік:

„Першай была „Беларуская трыбуна” расейская, потым – „Супольнасьць”. Я „Супольнасьць” не друкаваў, ёй, другім выданнем, займаўся Вадзім Александровіч. Магу толькі сказаць, што я яму парэкамендаваў. Але гэта было вясной 1989, пасля ІІ Вальнага сойму. Але і кніжкі памнажалі. Другою кнігаю, якая была памножана ў аршанскай друкарні, была праца Я. Найдзюка „Беларусь учора і сёньня” ваенага выданьня, арыгінал якой надаў Віктар Івашкевіч. Ён жа спрычыніўся да стварэння макету ды распаўсюду. Мне Віктар Івашкевіч прынёс летам (ці напачатку восені) Найдзюка „Беларусь учора і сёньня”, ваенага часу выданьня. Мы яго з ім выдалі ўжо восенню 1988. Праўда – асобнікаў 50, у Алеся Жынкіна толькі макеты рабілі, калі ён перайшоў працаваць у “Ленінку”, а да гэтага – у мяне ў ваннай мы з ім працавалі. Кніга па руках хадзіла, надрукаваная была на такой жоўтай, амаль газетнай паперы, багата хто прымаў яе за „арыгінальнае” выданне.  Я знайшоў папяровы варыянт ці не першага масавага кніжнага друку Талакі ды дас з Алесем Жынкіным – „За 25 гадоў” са сваёй паметкай – верасень 1988 года. Выходзіць, што гэта першая наша кніжка была аршанская. Найбольш выдрукавалі тады малітоўнік, яго некалькі разоў друкавалі, у тым ліку і ў Менску потым. Тады Алесь Бяляцкі ў мяне забраў усё, і ўвесь наклад хутка разышоўся. Антон Луцкевіч “ За дваццаць пяць гадоў” (1903-1928) – адна з першых беларускіх кніг, якая была зроблена ў гэтай друкарні. Прыкладна, верасень 1988 г. Наклад да 100 асобнікаў  быў. Ці не першы мой вопыт непадцэнзурнага выдаўніцтва больш-менш прыстойным накладам. Можа і наогул адзін з першых у гісторыі Беларускага Адраджэння 1988-1991 гадоў”.  

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя