Трагедыя ў Гародні: У смеццеводзе згарэў чалавек



Ноччу 25 лютага ў адной са шматпавярховак Гародні адбылася трагедыя – у смеццеводзе згарэў чалавек. Усё здарылася каля трох гадзін ночы ў дзевяціпавярховіку па вул. Паповіча, 11, паведамляе блог s13.

Жыхары пад’езда, дзе адбылося здарэнне, паведамілі ў МНС пра задымленне ў памяшканні смеццевода.

Відавочца пасярод ночы адчуў пах паленага, а калі выйшаў у пад’езд, убачыў шчыльнае задымленне. Ужо ўнізе мужчына вызначыў крыніцу дыму – памяшканне смеццевода, дзверы ў якое былі зачыненыя знутры.

Супрацоўнікі МНС прыбылі на месца выкліку, узламалі дзверы, а ўнутры смеццекамеры выявілі моцна абгарэлы труп чалавека. Па некаторай інфармацыі, загінулы быў работнікам ЖЭСа, на тэрыторыі якога і адбылася трагедыя.

Прычыны пажару высвятляюцца.