Транспартны генацыд каля 24-й паліклінікі ў Менску



Днямі на сайце TUT.BY і Onliner  Першамайскі райвыканкам сталіцы надрукаваў план развіцця навакольных тэрыторый пасля разбурэння аўтавакзала “Маскоўскі”. Паводле яго, падвышаеца шчыльнасць забудоў у выглядзе хмарачосаў і гандлёвага цэнтра.

Пры гэтым “абыдзена ўвагай” будаўніцтва аўтастаянак. Гэта выклікала чарговы ўсплеск абурэння жыхароў трох дамоў на вуліцы Парніковай, што месцяцца побач з 24 гарадзкой паліклінікай спецмедаглядаў.

Пры адсутнасці пешаходных пераходаў па невялікім дваравым кузлачыку зямлі праходзяць штодзень звыш тысячы пацыентаў. Ня гледзячы на забараняльныя знакі, паркуюцца сотні аўто. Не дапамагаюць штрафы “даішнікаў”, звароты жыхароў у шматлікія інстанцыі.

DSCF1597

Я сустрэўся са старшынём праўлення жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва “Аб’ектыў” Валянцінай Стасько ды чальцом ЖСК Эдуардам – прозвішча папрасіў не назывць. Апошні працуе на заводзе Вавілава, медсанчастка якога і здала ў арэнду памяшканні 24 паліклініцы.

Эдуард: Год 5 таму прадпрыемству востра не хапала фінансавання з-за эканамічнай крызы. Таму і вырашылі тэрмінова здаць тры паверхі ў арэнду.  24-я кепска месцілася і дагэтуль – ля чыгуначнага вакзала, таксама без аўтастаянкі. Асноўныя ж “пацыенты” – кіроўцы, аўтааматары…

Валянціна: Аднак на медагляды сюды едуць з усяго Мінска –  са сталовых, з дашкольных устаноў,  дзе мусяць абследавацца раз у квартал ці паўгода. Уяўляеце, які Бабілон?!

РР: Вашай апошняй рэплікай паерад запісам наконт 24 паліклінікі была – “не ведаем, як ад яе пазбавіцца…

Валянціна: Па-першае, дзяржорганы не могуць упарадкаваць і кантраляваць уезд сюды. У самой паліклініцы не хапае месцаў для сотняў наведвальнікаў. На нашыя пратэстныя лісты у райвыканкаме, іншых інстанцыях, у лепшым выпадку, адказвалі – “разглядаюцца варыянты” . Але пасля таго, як сабралі  паўтысячы подпісаў “за”перанос 24-й, адбыўся сход, дзе афіцыйна было заяўлена, што “няма месца”.  Гэта ва ўсім Мінску?! Наша прапанова – прэзідэнт жа адмаўляецца ад “сваёй” вялікай паліклінікі на карысць невялікай. Хай жа там і праводзяць медагляды! А ў нас зробяць раённую паліклініку, бо ў 19-ю, да якой прыпісаныя нашыя дамы, бадай, немагчыма патрапіць з-за чэргаў…

Эдуард: У нас жа становішча крытычнае. З-за аўтапробак да пад’ездаў не могуць пад’ехаць мусаразборнікі, “хуткая дапамога”. Сам бачыў, як у часе пажару кран з машыны 01 выстрэльваў здалёк.

Валянціна: На пачатку чэрвеня я задала пытанне на сайце Першамайскага райвыканкама – хто даў дазвол на ўстаноўку парканаў ля хмарачоса па Макаёнка 7а, што насупраць 24-ай, з-за чаго перакрыліся ўсе тратуары і пешаходы ходзяць па дарозе? Прайшло 2 месяцы – вертыкаль маўчыць! Зрэшты, і будучыня вельмі цьмяная. На сайце tut.by бачна, што плануецца побач з намі яшчэ і будаўніцтва гандлёвага цэнтра.  Добра. Але цяжка нават уявіць, якім будзе дарожны рух ля яго. А калі ўзгадаць, што ў тупіковай зоне за намі знаходзяцца такія буйныя прадпрыемствы, як завод Вавілава і безалькагольных напояў, ясна, што запланаваная дарожка  ля “Беларусьфільма” сітуацыю не ўратуе. Наперадзе ў нас дарожны калапс…

Напярэдадні эфіру я звязаўся з намеснікам начальніка медсанчасткі оптыка-механічнага завода імя Вавілава Мікалаем Пешко. Той паведаміў, што кіраўніцтва “мусіла прадоўжыць тэрмін арэнды да лета 2015”. У сваіх каментарах экс-рэжысёр папулярнай некалі тэлепраграмы “Крок” і жыхар аднаго са злашчасных дамоў на Парніковай Уладзімір Міхарскі слоў не выбіраў.

Міхарскі: Падоўжыўшы тэрмін арэнды, гараддзел аховы здароўя начале з Сірэнкам чарговы раз выкруціў рукі медсанчастцы і ўсім нам. У Менгарвыканкаме мала думаюць пра тое, дзе людзей лечаць, дзе калечць. Жыхары і проста пешаходы зноў вымушаныя будуць хадзіць пад коламі аўтамабіляў. Дзеці ззастануцца ў небяспецы, гуляючы ў трох метрах ад дарогі. Кіроўцы вымушаныя будуць спыняцца на праезнай частцы, газонах, на тратуарах. Гэта пры тым, што пакуль ёсць пляцоўкі, дзе можна было б узаконіць аўтастаянку. Аднак улады умылі рукі, вырашылі, што “закрылі пытанне”. Такая палітыка ва ўсёй краіне – ствараць цяжкасці, а пасля з іх выпутвацца…

Сітуацыя ля менскай 24 паліклінікі абцяжараная яшчэ і тым, што ў будынку медсанчасткі завода Вавілава месцяцца шырока вядомыя, паводле тэлевізійнай рэкламы, медычныя цэнтры “Аптымед” ды “Эмбрыё”. Туды таксама штодзень прыяжджаюць дзесяткі наведвальнікаў, што не могуць самастойна дайсці. Тое, што транспартнае становішча на мяжы фолу – чытай, чалавечай трагедыі – у вусных размовах прызнаюць і супрацоўнікі ДАІ. Але выйсця пакуль не прадбачыцца…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара