Транспартны паток цераз беларуска-літоўскую мяжу вырас з пачатку года на 13%



Транспартны паток цераз беларуска-літоўскую мяжу вырас з пачатку года на 13%, паведамляе Гарадзенская рэгіянальная мытня.

Усяго праз пункты пропуску Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, размешчаныя на беларуска-літоўскай мяжы, з пачатку 2019 года прайшло больш як 720 тыс. транспартных сродкаў.

Найбольшы рост па грузавым транспарце зафіксаваны ў пункце пропуску „Каменны Лог”, праз які ідзе 46% грузавікоў, якія выберуць літоўскі кірунак. У названы перыяд больш за 86 тысяч адзінак такога транспарту перасекла тут мяжу, рост склаў 7%.

Тут жа павялічылася і колькасць аўтобусаў, якія праязджаюць цераз мяжу, — на 8%. Большы рост толькі ў пункце пропуску „Прывалка”: аўтобусны паток вырас больш чым на 25%.

Па легкавым транспарце ў працэнтных суадносінах яго колькасць значна павялічылася ў пунктах пропуску „Лоша” — амаль на 35%, „Беняконі” — на 27% і амаль на 30% у пункце пропуску „Прывалка”.

belapan.by