Трое падлеткаў збеглі з Магілёўскай псіхбальніцы



Міліцыя шукае 17-гадовых Івана Янкоўскага і Аляксея Астапенку, а таксама 16-гадовага Кірыла Макара, якія ўцяклі увечары 24 верасня з Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы, дзе знаходзіліся на абследаванні.

Як паведаміла УУС Магілёўскага аблвыканкама, падлеткі збеглі каля 18.00, разбіўшы акно на першым паверсе. „Усе яны навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі вобласці. Непаўналетнія наўмысна хаваюцца ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, схільныя да ўхілення ад праходжання навучання, учынення злачынстваў і бадзяжніцтва. Па нашай інфармацыі, яны накіраваліся ў Расійскую Федэрацыю. Судзімага за крадзяжы Івана Янкоўскага, выхаванца Магілёўскага дзяржаўнага СПТВ № 2 закрытага тыпу, 8 верасня адшукалі на будоўлі ў Маскве пасля таго, як 30 жніўня ў кампаніі сяброў ён самавольна сышоў з падлеткавага лагера ў Мсціслаўскім раёне”, — паведаміла начальнік аддзела вышуковай работы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Алена Пуцік.

На момант самавольнага сыходу з бальніцы падлеткі былі апранутыя ў бальнічныя піжамы ў шэра-сінюю клетку, на нагах шкарпэткі і сланцы, аднак яны маглі змяніць вопратку і абутак.

belapan.by