Тры гады абмежавання волі за ўдар па камеры відэаназірання



Суд Першамайскага раёна Менска 6 траўня прыгаварыў Яўгена Рапіна да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за ўдар па камеры відэаназірання ля ізалятара часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Яўген Рапін. Скрыншот з сайта sk.gov.by

Справу разгледзеў суддзя Максім Трусевіч.

Рапін абвінавачаны на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Паводле абвінавачання, падчас несанкцыянаванай акцыі пратэсту 4 кастрычніка ў Менску Рапін у стане алкагольнага ап’янення для выказвання сваіх палітычных поглядаў далучыўся да групы грамадзян, публічна выкрыкваў лозунгі, ажыццяўляў гучныя воплескі рукамі, неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў аховы правапарадку, наўмысна перашкаджаў руху транспарту. На 1-м завулку Акрэсціна ён нанёс два ўдары па вонкавай відэакамеры ізалятара часовага ўтрымання. На камеры пашкоджанняў не засталося.

У судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну і раскаяўся.

Да ўваходжання прысуду ў сілу Яўген Рапін застаецца на волі. Іск „Менсктранса” аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ў 18.625 рублёў будзе разгледжаны ў парадку грамадзянскага судаводства.

Рапін жанаты, у яго трое дзяцей, адзін з якіх — нованароджаны.

belapan.by