Тры гады калоніі і больш за чатыры тысячы выплат для пенсіянера



1 верасня суд Паставаў і Пастаўскага раёна вынес прысуд паводле ч.2 арт.295 і арт.369 Крымінальнага кодэкса ваеннаму пенсіянеру – 65-гадоваму Сяргею Купрэшыну.

Яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму: 2,5 гады абмежавання калоніі без накіравання ў ПУАТ (“хатняй хіміі”) – паводле арт.369 і тры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму – паводле ч.2 арт.295. Пакаранне прызначанае шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім.

Таксама ён мусіць выплаціць 87 рублеў дзяржпошліны, 98 рублёў 59 капеек – працэсуальных выдаткаў. Ён жа мусіць сплаціць штраф у 100 базавых велічынь паводле арт.295 – 2900 рублёў. Ён жа павінен выплаціць маральную кампенсацыю пацярпеламу ў памеры тысячы рублёў.

Атрымліваецца, агулам Купрэшын мусіць выплаціць 4085 рублёў 59 капеек.

Справу разглядзела суддзя Максімовіч Наталля. Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў пракурор Пастаўскага раёна Аляксандр Козіч. У справе было двое пацярпелых: Карэнько і Лютынскі, адзін з якіх на суд не з’явіўся.

З 14 па 17 красавіка 2021 года ён ўтрымліваўся ў ІЧУ. Пад варту Купрэшын узяты 29 жніўня.

У чым абвінавацілі?

2 красавіка 2021 года, маючы намер публічна абразіць намесніка пракурора, накіраваў на адрас пракуратуры Віцебскай вобласці электронны ліст. Ён пачынаўся словам “Карэнько” і заканчваецца – “бессмяротны” і меў негатыўную форму ацэнкі службовай асобы, прадстаўляў “бранны сегмент”. Ліст быў накіраваны на падрыў аўтарытэта супрацоўнікаў пракуратуры, у зняважлівай форме абразіў Карэнько як прадстаўніка ўлады.

Ён жа ў гэты дзень, маючы намер публічна абразіць першага намесніка старшыні райвыканкама ў сувязі выканання ім службовых абавязкаў, накіраваў на адрас райвыканкама ліст, у якім абразіў чыноўніка. Ён быў накіраваны на фармаванне негатыўнага вобраза прадстаўніка ўлады. Ліст пачынаўся словам “Лютынскаму” і заканчваўся словамі “усё можна”, а таксама яшчэ адзін ліст.

Згодна з абвінавачаннямі, Купрэшын “прадбачыў магчымасць азнаямлення з лістамі іншых супрацоўнікаў райвыканкама”.

Гэтымі двумя эпізодамі ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт.369 КК.

Таксама ён парушыў тэрміны дазвола насіць зброю і незаконна захоўваў выбуховыя рэчывы: дымавы порах, які прыдатны да ўтварэння выбуху.

spring96.org